2018-10-04-congregazione-generale-sinodo-dei--1538637507223.JPG

Францішак склікае наступны Сінод Біскупаў на восень 2022 г.

6-7 лютага 2020 г. у Ватыкане прайшло першае пасяджэнне XV Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў. Мэта – прапанаваць Папу магчымыя тэмы для XVI звычайнай Асамблеі.

Кардынал Ларэнца Балдзісэры прадставіў вынікі кансультацый, праведзеных Генеральным сакратарыятам па тэмах для наступнага Сінода. У іх удзельнічалі біскупскія канферэнцыі, Сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў sui iuris, дыкастэрыі Рымскай курыі і рады вышэйшых манаскіх настаяцеляў. Пасля прэзентацыі Генеральнага сакратара адбылася дыскусія, як у рамках пленарнага пасяджэння, так і ў рабочых групах.

6 лютага ў другой палове дня сустрэчу ўзначаліў Пантыфік, якому была прадстаўлена праблематыка для канчатковага зацвярджэння сінадальнай тэмы. Францішак, пачуўшы меркаванне Генеральнага сакратарыята і Звычайнай рады, прыняў рашэнне аб скліканні наступнага Сінода Біскупаў на восень 2022 г.

Удзельнікі сходу разгледзелі, між іншым, наступствы міграцыйнага феномену. “Па прычыне войнаў, эканамічнай няроўнасці, пошуку працы і больш урадлівых зямель, рэлігійнага пераследу, тэрарызму, экалагічнага крызісу і г.д. многія людзі вымушаны пераязджаць з адной краіны ў іншую. Эфекты з’явы часта разбуральныя. Людзі дэзарыентаваны, сем’і разбураны, (...) яны пакутуюць у лагерах для бежанцаў, а некаторыя трапляюць у турму. Жанчын і маладых людзей прымушаюць займацца прастытуцыяй; фізічна, сацыяльна і сексуальна гвалтуюць. Дзеці разлучаюцца з бацькамі і пазбаўлены права расці ў бяспецы аб’яднанай сям’і”, - адзначаецца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 15 лютага 2020 г.

Звычайная рада Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў нагадвае, што Касцёл імкнецца прапанаваць суцяшэнне ўсім, хто так ці інакш пакутуе. Ён атаясамлівае сябе з беднымі, малымі гэтага свету і замежнікамі, “лічачы часткай сваёй прарочай місіі імкненне ўзняць голас супраць несправядлівасці, эксплуатацыі і пакут”.

У той жа час Касцёл высока ацэньвае намаганні кіраўніцтва краін і няўрадавых арганізацый, якія праяўляюць цікавасць і імкнуцца дапамагчы мігрантам. Ён падтрымлівае тых, хто спрабуе ініцыяваць палітыку, што спрыяе прыёму гэтых людзей у новыя для іх супольнасці, заклікае быць пільнымі адносна з’явы гандлю людзьмі і садзейнічаць спыненню канфліктаў, якія прычыняюць столькі пакут.

“Мы даручаем нашых пакутуючых братоў і сясцёр Марыі, Маці чалавецтва, якая ўпершыню адчула боль, калі была вымушана пакінуць дом і краіну разам са сваёй сям’ёй у пошуках бяспекі і міру”, - напісалі ўдзельнікі сустрэчы Звычайнай рады Сінода Біскупаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лютага 2020, 12:00