Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дэлегацыя Дзяржсакратарыята наведала турму “Regina Coeli”

Група супрацоўнікаў Дзяржсакратарыята здзейсніла візіт у рымскую турму “Regina Coeli”. Дэлегацыя прыняла ўдзел у св. Імшы з вязнямі і перадала ім падарункі ад Папы.

Візіт адбыўся у нядзелю, 2 лютага 2020 г., раніцай. Прадстаўнікі Дзяржсакратарыята прывезлі ў турму рэчы, сабраныя на працягу Адвэнту і перыяду Божага Нараджэння супрацоўнікамі ватыканскіх устаноў для бедных.

Пасля Эўхарыстыі дэлегацыя сустрэлася з валанцёрамі францішканскага дабрачыннага аб’яднання “VO.RE.CO”, члены якога дапамагаюць вязням і іх сем’ям, падтрымліваюць былых зняволеных.

Турэмнаму капелану, а. Віторыа Трані, былі перададзены ружанцы, благаслаўлёныя Святым Айцом і прызначаныя самым патрабуючым. Папа атрымаў іх у якасці падарунка падчас Апостальскага падарожжа ў Тайланд.

Рымская турма “Regina Coeli” з’яўляецца самай буйной і вядомай пенітэнцыярнай установай італьянскай сталіцы. Яна размяшчаецца ў будынку былога кармеліцкага кляштара, пабудаванага ў 1654 г. У цяперашнім статусе пабудова выкарыстоўваецца з 1881 г. Францішак наведаў месца зняволення ў 2018 г. Перад ім тут былі тры Пантыфікі: у 1958 г. – Ян ХХІІІ, у 1964 г. – Павел VI, у 2000 г. – Ян Павел ІІ.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 лютага 2020, 12:08