Палаца-дэла-Канчэлерыя Палаца-дэла-Канчэлерыя 

Завершана рэстаўрацыя сядзібы ватыканскіх судовых устаноў

Пасля чатырох гадоў рэстаўрацыі адбылася інаўгурацыя рымскага Палаца-дэла-Канчэлерыя – сядзібы ватыканскіх судовых устаноў: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Апостальскай Сігнатуры і Трыбунала Рымскай роты.

Аб’ектам рэстаўрацыйных прац быў велізарны фасад будынку. Усе этапы працэсу былі занатаваны і абнародаваны ў асобным фотаальбоме: “Палаца-дэла-Канчэлерыя. Нататнік рэстаўрацыйнай пляцоўкі” (“Palazzo della Cancelleria. Taccuino del cantiere del restauro”). Яго падрыхтаваў мансеньёр Джузэпэ Руса, падсакратар Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Выданне было прадстаўлена на цырымоніі інаўгурацыі адноўленага будынка.

Рэстаўрацыя паказвае “надзвычайную прыгажосць і важнасць, якую палац меў у гісторыі і ў фарміраванні гэтай часткі Рыма”, - заўважыў арцыбіскуп Нунцыа Галанціна, старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, якая фінансавала працы. Іерарх падкрэсліў, што ватыканскі фінансавы орган хоча спрыяць не толькі прыбытковасці маёмасці Святога Пасаду, але і ператварэнню Рыма ў “больш прыгожы і прыдатны для жыцця горад”.

У ходзе рэстаўрацыі на фасадзе былі адкрыты два раней нябачныя надпісы на лацінскай мове: “Christus Rex venit in pace” (Хрыстус Валадар прыходзіць у міры) і “Deus homo factus est” (Бог стаў чалавекам). Паводле кіраўніцы рэстаўрацыйнага працэсу, прафесара Марыі Мары, гаворка ідзе пра важны знак старажытнай хрысціянскай прысутнасці на Марсавым полі, на тэрыторыі якога знаходзіцца будынак, месцы, якое звычайна атаясамліваецца з язычніцтвам.

Палаца-дэла-Канчэлерыя – вялікі будынак у цэнтры Рыма, пабудаваны паміж 1483-1513 гадамі па ініцыятыве кардынала Рафаэля Рыарыа, камерленга Святой Калегіі Кардыналаў. Ён лічыцца адным з самых ранніх рымскіх палацаў у стылі архітэктуры Рэнесансу.

На працягу стагоддзяў у палацы размяшчалася Апостальская канцылярыя – структура, у кампетэнцыі якой была падрыхтоўка папскіх бул. Паводле Латэранскіх пагадненняў, будынак належыць Апостальскай Сталіцы і мае экстратэрытарыяльны статус.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 студзеня 2020, 12:44