Сядзіба Савета Еўропы. Ілюстрацыйнае фота Сядзіба Савета Еўропы. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: 50-гадоў прысутнасці ў Савеце Еўропы

50 гадоў таму Апостальская Сталіца атрымала статус назіральніка пры Савеце Еўропы. Гэта адбылося 7 студзеня 1970 г. і стала важны момантам у развіцці двухбаковых адносін, якія пачаліся ў 1962 г.

З нагоды паўвекавога юбілею ў Страсбургскім універсітэце праходзіць міждысцыплінарная канферэнцыя на тэму: “Будаваць Еўропу разам – 50 гадоў прысутнасці Святога Пасаду ў Савеце Еўропы”. Ініцыятар форума – Пастаянная місія Апостальскай Сталіцы пры гэтай міжнароднай арганізацыі. Уступнае слова на ім меў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы, арцыбіскуп Марка Ганчы, у каментары для “Vatican News” заўважыў, што на працягу апошніх 50-ці гадоў ватыканская дэлегацыя заўсёды імкнулася браць удзел у дыскусіях, што праходзілі ў рамках дзейнасці арганізацыі, і даносіць да іх удзельнікаў голас Евангелля, Касцёла і Папы. Ватыканская дыпламатыя імкнецца “заахвочваць да будавання больш салідарнай, справядлівай, чалавечай Еўропы, у аснове якой будуць знаходзіцца мір, чалавечыя каштоўнасці, пра якія Святы Пасад заўсёды нагадвае, і якія бароніць”.

Савет Еўропы – старэйшая міжнародная палітычная арганізацыя на кантыненце. Яе галоўнымі мэтамі з’яўляюцца: абарона правоў чалавека, развіццё дэмакратыі і ўмацаванне вяршэнства права. Арганізацыя была заснавана 5 мая1949 г. з штаб-кватэрай у Страсбургу. У яе ўваходзяць 47 краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 студзеня 2020, 15:09