Пошук

000280_13032019.jpg

Старшыня Папскай акадэміі пра культуру жыцця ў медыцыне

Супраціў эўтаназіі і фарміраванне культуры жыцця ажыццяўляецца ў тым ліку і шляхам фарміравання сумлення медыкаў. Пра гэта нагадаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, кіраўнік Папскай акадэміі жыцця.

Ён звярнуў увагу, што ў сумленне кожнага ўрача павінна быць упісана яго пакліканне лячыць, а не ліквідаваць пацыентаў; дапамагаць, а не адмаўляцца ад хворых; даваць палёгку ў пакутах, а не рабіць сябе гаспадаром жыцця.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што, нягледзячы на велізарны ціск з боку розных структур і асоб на карысць эўтаназіі і асісціравання самагубствам, таксама ўзрастае ўсведамленне таго, што нельга ўхваляць такога роду практыку. У якасці прыкладу дзеянняў у гэтым кірунку, ён згадаў падпісаную летась у Ватыкане міжрэлігійную дэкларацыю на тэму завяршэння жыцця і адназначнае становішча свецкай установы, Сусветнага медыцынскага таварыства, супраць любой практыкі паскарэння канца жыцця.

“Адказам на распаўсюджванне культуры смерці павінна стаць прамоцыя паліятыўнай дапамогі, акружэння хворых у канцы жыцця мантыяй прысутнасці і клапатлівай любові”, - сказаў арцыбіскуп Палья.

“Пераасэнсаванне ролі медыцыны, а значыць, і задач медыкаў, сёння надзвычай важнае. Відавочна, што мы не заўсёды можам вылечыць пацыента, смерць наступіць рана ці позна, але мы заўсёды можам пра яго клапаціцца. Іншымі словамі, калі лячэбныя дзеянні больш не прыносяць вынікаў, мы маем асноўную задачу – быць з хворым і суправаджаць яго; задачу ніколі не пакідаць нікога, асабліва хворых, якія знаходзяцца ў самай складанай сітуацыі і найбольшых выпрабаваннях”, - сказаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Іерарх адзначыў, што варта адмовіцца ад опцыі “усемагутнай медыцыны”: пераканання, што калі чалавека не ўдалося вылечыць, гэта фіяска і трэба адступіць. Па яго словах, “гэта мысленне паводле чыста тэхнічнай эфектыўнасці, далёкай ад гуманістычнага пункту гледжання”.

Арцыбіскуп таксама нагадаў пра намаганні Францішка па барацьбе з культурай смерці і яго сёлетняе пасланне на Сусветны дзень хворых. У ім Святы Айцец заклікаў медыцынскіх работнікаў, накіраваць усе дыягнастычныя, прафілактычныя, тэрапеўтычныя, навукова-даследчыя, лячэбныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы і ініцыятывы на абарону годнасці чалавечага жыцця, не пагаджацца на дзейнасць эўтаназійнага характару, на асісціраванне самагубствам, на адмову ў падтрымліванні жыцця, нават калі стан хваробы незваротны.

13 студзеня 2020, 12:16