Card. Filoni in Thailandia 1.jpg

Кардынал Філоні пра змену парадыгмы місій

Сёння пасля місіі ad gentes неабходная місія inter gentes, - лічыць кардынал Фернанда Філоні, які адыходзіць з пасады прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. 16 студзеня 2020 г. яе зойме Луіс Антоніа Тагле з Філіпін.

“Зараз увесь свет мае патрэбу ў новым абвяшчэнні Евангелля не толькі ў традыцыйных “зонах місій”, але і на кантынентах старажытнай евангелізацыі. Пасля місіі ad gentes (да народаў) сёння настаў час для місіі inter gentes (сярод народаў), - адзначыў іерарх у размове з ватыканскім агенцтвам Fides.

Ён нагадаў, што “кожны ахрышчаны – гэта місіянер”. “І калі ў мінулым абвяшчэнне Евангелля было прывілеем святароў і кансэкраваных асоб, сёння мы заўважаем надзвычайны ўдзел свецкіх людзей. Сярод іх новым, народжаным Духам Святым, з’яўляюцца сужэнствы і сем’і з дзецьмі, якія шчыруюць у евангелізацыі. Гэта важная прычына для надзеі”, - падкрэсліў кардынал Філоні.

Ён заўважыў, што Кангрэгацыя нясе адказнасць за больш чым 1200 дыяцэзій і іншых касцёльных адзінак у Афрыцы, Азіі, Акіяніі і Амерыцы, рыхтуючы ў тым ліку і біскупскія намінацыі. Кожны год, дзякуючы фінансавай падтрымцы Папскіх місійных ініцыятыў, фінансуе больш за 600 стыпендый для семінарыстаў з місійных абласцей, арганізоўвае фармацыйныя курсы ў Рыме для біскупаў, выхавальнікаў і выкладчыкаў семінарый.

Іерарх прызнаў, што ў апошні час адбылося зніжэнне сумы ахвяраванняў, якія збіраюцца ў Касцёле з нагоды Сусветнага дня місій і дазваляюць падтрымліваць тысячы праектаў па ўсім свеце. Між тым, “калі б кожны ахрышчаны даваў на місію адзін долар у эквіваленце кожны год, можна было б адказаць на чаканні і патрэбы вялікіх груп бедных”, - растлумачыў італьянскі кардынал.

Завяршаючы выкананне сваіх абавязкаў у Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў 15 студзеня 2020 г., кардынал Філоні атрымае тытул прэфекта-эмерыта. На яго будзе ўскладзена новая місія – ён стане Вялікім магістрам Рыцарскага Ордэна Гробу Пана ў Іерусаліме.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 студзеня 2020, 12:49