Цырымонія інтранізацыі Саака Машаляна Цырымонія інтранізацыі Саака Машаляна 

Дэлегацыя Святога Пасаду на інтранізацыі армянскага Патрыярха

Афіцыйная дэлегацыя Святога Пасаду прыняла ўдзел ва ўрачыстай інтранізацыі 85-га Канстантынопальскага Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы, якая прайшла ў Стамбуле.

11 студзеня 2020 г. на пасаду Патрыярха быў абраны 57-гадовы епіскап Саак Машалян. Выбары праходзілі у сувязі са смерцю яго папярэдніка, архіепіскапа Месропа Мутафяна. Іерарх адышоў у вечнасць 8 сакавіка 2019 г. пасля працяглай хваробы.

У склад ватыканскай дэлегацыі ўвайшлі біскуп Рубэн Тэрабланка Гансалес, Апостальскі вікарый Стамбула і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Турцыі, мансеньёр Мігель Мунас Кардаба, супрацоўнік Апостальскай нунцыятуры ў Турцыі, і айцец Іакінф Дэсцівэль, супрацоўнік Усходняй секцыі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Напрыканцы цырымоніі біскуп Тэрабланка Гансалес зачытаў віншавальнае пасланне Святога Айца і ўручыў новаабранаму Патрыярху яго падарунак – нагрудны крыж.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Турцыі прыгадаў візіты cв. Паўла VI, св. Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка ў сядзібу Армянскага Патрыярха ў Стамбуле, а таксама пра візіты ў Рым папярэдняга Прадстаяцеля. У сваю чаргу айцец Іакінф Дэсцівэль пераказаў новаабранаму Патрыярху віншаванні кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Патрыярх Саак Машалян нарадзіўся ў 1962 г. у Стамбуле. Скончыў філасофскі факультэт Стамбульскага ўніверсітэта, вывучаў тэалогію ў Лонданскім і Дублінскім універсітэтах. Быў інспектарам армянскіх духоўных семінарый у Іерусаліме і Святым Эчміядзіне. Біскупскую сакру атрымаў у 2008 г. з рук Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ. З ліпеня 2019 г. выконваў абавязкі месцаахоўніка канстантынопальскай патрыяршай кафедры.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2020, 13:30