Пошук

А. Раньера Канталамеса прапаведуе ў ватыканскай капліцы Redemptoris Mater А. Раньера Канталамеса прапаведуе ў ватыканскай капліцы Redemptoris Mater 

Папскі прапаведнік: зачаць Езуса ў сэрцы і даць свету

Несці Хрыста, зачаўшы Яго ва ўласным сэрцы, - заклікаў прапаведнік Папскага дома падчас трэцяга адвэнтаванага казання ў прысутнасці Папы і высокіх іерархаў Рымскай курыі.

Самым старажытным і важным дагматычным тытулам Панны Марыі з’яўляецца тытул Багародзіца, які быў прыняты ў 431 г. на Эфескім Саборы, - нагадаў а. Раньера Канталамеса 20 снежня 2019 г. у капліцы Redemptoris Mater.

Капуцын зазначыў, што гэты тытул сёння “з’яўляецца кропкай сустрэчы і супольным фундаментам для ўсіх хрысціян, ад якога трэба адштурхоўвацца, каб прыйсці да згоды адносна месца Марыі ў веры”.

“Марыя з’яўляецца Багародзіцай не толькі не толькі таму што фізічна насіла Бога ў сваім улонні, але таксама таму што спачатку зачала яго ў сэрцы праз веру. Вядома, мы не можам наследаваць Марыю ў першым сэнсе, нараджаючы новага Хрыста, але можам наследаваць яе ў другім, у сэнсе веры”, - сказаў ён.

Айцец Канталамеса нагадаў словы Хрыста, які казаў, што Яго маці і браты – гэта тыя, хто слухае Божае слова і выконвае яго. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што на духоўным узроўні магчыма спазнаць два віды перарывання мацярынства.

“Зачынае Езуса, не нараджаючы Яго, той, хто прымае слова, але не спаўняе яго, хто працягвае адзін за другім рабіць духоўны аборт, робячы пастановы аб навяртанні, якія потым сістэматычна забываюцца ці пакідаюцца напаўдарозе; хто паводзіць сябе перад Словам як паспешлівы назіральнік, што глядзіць на сваё аблічча ў люстэрку, а калі адыходзіць ад яго, адразу забываецца якім яно было. Іншымі словамі, хто мае веру, але не мае спраў”, - сказаў манах.

Іншая рызыка, гэта несці свету Хрыста, але не зачаўшы Яго ў сваім сэрцы. Гаворка ідзе пра людзей, якія шмат робяць, у тым ліку і добрых спраў, але якія не паходзяць з чыстага сэрца, з любові да Бога, пераважна робяцца ў сілу прывычкі, крывадушнасці, пошуку ўласнай хвалы, выгады або проста для ўласнага задавальнення. “Іншымі словамі – гэтыя тыя, хто робіць справы, але не мае веры”, - сказаў ён.

Айцец Канталамеса падкрэсліў, што “мы становімся маці Хрыста, калі носім Яго ў нашым сэрцы і целе, дзякуючы Божай любові і чыстаму, шчыраму сумленню”. “Мы нараджаем Яго праз святыя справы, якія павінны ззяць для іншых як прыклад”, - дадаў прапаведнік Папскага дома.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 снежня 2019, 11:33