Пошук

А. Раньера Канталамеса прапаведуе ў ватыканскай капліцы Redemptoris Mater А. Раньера Канталамеса прапаведуе ў ватыканскай капліцы Redemptoris Mater  

Папскі прапаведнік: трэба верыць асабіста, але ў лоне Касцёла

“Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”: “гэтымі нешматлікімі і простымі словамі выканаўся найвялікшы і вырашальны акт веры ў гісторыі чалавецтва”, перакананы Папскі прапаведнік.

6 снежня 2019 г. а. Раньера Канталамеса распачаў адвэнтавы цыкл духоўных разважанняў, якімі дзеліцца са Святым Айцом і супрацоўнікамі Рымскай курыі. Сёлетнія казанні напярэдадні Божага Нараджэння ён пабудаваў на вобразе Маці Божага Сына.

Капуцын падкрэсліў, што“Марыя паўстае перад Богам нібы чыстая старонка, на якой Ён можа напісаць усё, што пажадае”; Яна – адзіная, хто паверыў “раней за ўсялякае пацвярджэнне”, “першая з тых, хто паверыў, яшчэ не ўбачыўшы”.

Пры гэтым, калі ўявіць гістарычны кантэкст і абставіны, у якіх Марыя вызнала сваю веру, становіцца відавочным, што “сапраўдная вера – гэта ніколі не прывілея ці гонар, але заўсёды крыху смерць”, дадаў святар.

Па яго словах, пераклады “Няхай станецца” або “Fiat” недастаткова дакладна перадаюць “жывое прагненне”, якое Марыя выказала ў адказ на Божую волю. Згодна з юдэйскімі крыніцамі, выкарыстанымі евангелістам Лукой, Яна сказала: “Амэн!”. У гэтым слове – “цвёрдасць і ўпэўненасць”, у яго значэнні – “Так ёсць і так няхай будзе” – “адначасова вера і паслухмянасць”.

На думку прапаведніка, прыклад Марыі кажа, перш за ўсё, пра важнасць веры: гэта аснова стасункаў Бога з чалавекам. Калі Божая ласка не знаходзіць веры ў сэрцы чалавека, яна не можа дзейнічаць. Такім чынам, Божая ласка і вера – гэта “два стаўпы збаўлення”, і абодва з’яўляюцца дарам Бога.

Па-другое, Марыя вучыць не толькі суб’ектыўнай, асабістай, унікальнай і непаўторнай веры ў Бога, але адначасова і аб’ектыўнай, прыналежнай да супольнасці, таму што Бог, у якога Яна верыць, – не Яе персанальны, але Бог Айцоў і Яе народа.

Такім чынам, працягнуў а. Канталамеса, недастаткова мець толькі суб’ектыўную веру, заснаваную на ўласным уяўленні пра Бога і на асабістых інтэрпрэтацыях Бібліі: такое стаўленне можа прывесці, у рэшце рэшт, да веры хутчэй у саміх сябе, чым у Бога. Недастаткова і выключна аб’ектыўнай і дагматычнай веры, бо яна з лёгкасцю становіцца мёртвай і абрушваецца падчас першага ж крызісу.

“Трэба верыць асабіста, але ў лоне Касцёла. (…) Далучаючыся да веры Касцёла, я раблю сваёй веру ўсіх тых, хто мне папярэднічаў: апосталаў, мучанікаў, доктараў”

, - заўважыў капуцын.

Прапаведнік Папскага дома заклікаў пераймаць веру Марыі і напрыканцы кожнай малітвы казаць Богу: “Вось я, слуга Пана: няхай мне станецца паводле Твайго слова!”. Казаць з прагненнем і радасцю, а не як тыя, хто, панурыўшы галаву і сціснуўшы зубы, кажуць: “Калі сапраўды без гэтага ніяк не абысціся, тады, так і быць, няхай станецца Твая воля!”.

Свае разважанні прапаведнік Папскага дома завяршыў зваротам да святароў і ўсіх тых, хто пакліканы тым ці іншым спосабам абвяшчаць Божае Слова і перадаваць веру: наследаваць веру Марыі павінен кожны чалавек, але гэтыя людзі – асабліва. “Моц слугі Божага прапарцыянальная моцы яго веры”, - сказаў італьянскі капуцын і заклікаў прысутных ісці па шляху веры, які адкрыла Марыя, “каб тое, што адбылося ў Ёй, сталася і ў нас”.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 снежня 2019, 11:10