Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Міжнародная выстава батлеек пройдзе ў Ватыкане

Міжнародная выстава “100 батлеек у Ватыкане” пройдзе з 8 снежня 2019 г. па 12 студзеня 2020 г. Яна размесціцца ў Зале св. Пія Х на Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ, недалёка ад плошчы св. Пятра.

Наведвальнікі атрымаюць магчымасць убачыць каля 130 батлеек з 30 краін свету. Кожная з іх з’яўляецца творам мастацтва і мае сваю гісторыю. Тут будуць экспанавацца класічныя яслі Божага Нараджэння, экзатычныя, напрыклад, зробленыя з каралаў, а таксама і больш простыя, зробленыя дзецьмі і інвалідамі.

З 2018 г. добра вядомая ў Рыме выстава ясляў праводзіцца пад патранатам Папскай рады па новай евангелізацыі. Раней, на працягу 42 гадоў, яна праходзіла на рымскай П’яцца-дэль-Пополо. Бліжэй да Ватыкану яна была перанесена з улікам яе вялікага евангелізацыйнага патэнцыялу.

Сёлетняя цырымонія адкрыцця выставы была арганізавана ў супрацоўніцтве з пасольствам Венгрыі пры Апостальскай Сталіцы. Яе ўпрыгожыць сваім спевамі венгерскі хор “Kodály”. У падзеі возьмуць удзел прадстаўнікі Касцёла ў Венгрыі, а таксама дыпламаты з Польшчы, Славеніі, Іспаніі, Харватыі, Панамы, Буркіна-Фасо і Тайваня.

Выстава “100 батлеек у Ватыкане” будзе працаваць штодзённа з 10.00 да 20.00, за выключэннем 24 і 31 снежня: у гэтыя дні яна будзе закрывацца ў 17.00. Уваход на яе вольны. Больш інфармацыі можна атрымаць на сайце www.100presepi.it

Навіна ў фармаце аўдыё

 

07 снежня 2019, 14:15