Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: план выпуску манет і паштовых марак у 2020 г.

Шэраг юбілейных дат, якія выпадаюць на 2020 г., Ватыканскі філатэлістычна-нумізматычны аддзел адзначыць выпускам адмысловых манет і паштовых марак.

Акрамя разменных манет і манет прысвечаных чарговаму году пантыфікату Францішка, у 2020 г. запланаваны выпуск спецыяльнага нумізматычнага камплекту з нагоды 250-годдзя з дня нараджэння Людвіга ван Бетховена, у які ўвойдзе біметалічная 5-еўравая манета. Калекцыянеры змогуць набыць яе і асобна. Біметалічныя манеты наміналам у 2 еўра будуць адчаканены з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ і 500-годдзя з дня смерці Рафаэля Санці.

У нумізматычнай серыі “Мастацтва і вера” з’явіцца 10-еўравая медная манета, прысвечаная шэдэўру Мікеланджэла Буанароці, скульптуры “П’ета”, якая захоўваецца ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

Запланаваны выпуск 5-еўравай манеты “Сусветны дзень мігранта і бежанца” і 10-еўравай манеты “50-годдзе Сусветнага дня зямлі”, якія будуць адчаканены ў версіі пруф, срэбры і золаце.

Залатая ватыканская манета наміналам у 10 еўра будзе прысвечана сакрамэнту хросту, а наміналам у 100 еўра – Дагматычнай канстытуцыі пра Божае аб’яўленне “Dei Verbum”. Адбудзецца таксама эмісія двух залатых манет з серыі “Дзеі Апосталаў”: 20-еўравая будзе прысвечана “Місіі ў Македонію, Грэцыю і Малую Азію”, а 50-еўравая – “Апосталу Паўлу, сведку Хрыста”. У калекцыянераў з’явіцца таксама магчымасць набыць залатую манету наміналам у 200 еўра з серыі “Арханёлы”. Яна будзе прысвечана св. Габрыэлю.

Паштовыя маркі ў 2020 г. выйдуць з нагоды чарговага году пантыфікату Францішка, Вялікадня, 1750-годдзя з дня нараджэння св. Мікалая, 250-годдзя смерці італьянскага мастака Джавані Батыста Ц’епалы, 50-годдзя Сусветнага дня зямлі, 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ (яна будзе выпушчана разам з Польшчай), Міжнароднага года здароўя раслін, 100-годдзя смерці св. Тэрэзы Андыйскай, 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Еўрапейскай Супольнасцю, 100-годдзя абвяшчэння св. Яфрэма Сірыйскага Доктарам Касцёла, 500-годдзя смерці Рафаэля Санці, 100-годдзя заснавання Апостальства маракоў, з нагоды 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Кот-д’Івуарам, з нагоды Божага Нараджэння, 900-годдзя катэдральнага касцёла ў Вальтэры і 250-годдзя нараджэння Людвіга ван Бетховена. З’явяцца таксама маркі, прысвечаныя еўрапейскім паштовым шляхам.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 лістапада 2019, 12:46