Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад збірае форум аб годнасці дзіцяці ў лічбавай прасторы

Рэлігійныя і грамадзянскія лідары, прадстаўнікі буйных тэхналагічных кампаній збяруцца ў Ватыкане для дыскусіі на тэму абароны дзяцей у лічбавым свеце.

Сустрэча пад назвай: “Садзейнічанне годнасці дзіцяці ў лічбавай прасторы – ад канцэпцыі да дзеяння”, адкрыецца папскай аўдыенцыяй 14 лістапада 2019 г. і завершыцца на наступны дзень прамовай кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Яе арганізавалі сумесна Папская акадэмія сацыяльных навук, Альянс на карысць годнасці дзіцяці (Child Dignity Alliance) і Міжканфесійны альянс бяспечных супольнасцей (Alliance for Safer Communities).

На форуме працягнецца дыскусія, распачатая ў 2017 г. кангрэсам “Годнасць дзіцяці ў лічбавым свеце” у Папскім грыгарыянскім універсітэце і Міжрэлігійнай канферэнцыяй Міжканфесійнага альянсу бяспечных супольнасцей, якая прайшла ў 2018 г. у Абу-Дабі.

Ватыканская сустрэча не проста ставіць перад сабой задачы, але мае намер прапанаваць і падтрымаць мэтанакіраваныя ініцыятывы і план дзеянняў, - заявілі арганізатары.

Сярод 80 удзельнікаў – прадстаўнікі міжнародных арганізацый, НДА, тэхналагічных кампаній, эканамісты, палітыкі, правазнаўцы і рэлігійныя дзеячы. Сюды прыедуць: віцэ-прэм’ер і міністр унутраных спраў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Шэйх Саіф Бін Заед аль-Нахаян, каралева Швецыі Сільвія, Вялікі імам Аль-Азхар, прафесар Ахмед эль-Таеб, рабін Дэвід Розэн і прадстаўніца Генеральнага сакратара ААН па пытаннях супрацьстаяння насіллю над дзецьмі Наят Маалы Міджыд. Сваё пасланне дашле Барталамей I, Патрыярх Канстантынопальскі.

Чакаецца, што сустрэча завершыцца агульнай дэкларацыяй.

07 лістапада 2019, 14:22