Ватыканскі медпункт для бедных Ватыканскі медпункт для бедных 

На плошчы св. Пятра адкрыўся медпункт для бедных

З нагоды Сусветнага дня бедных, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле ў нядзелю 17 лістапада 2019 г., на плошчы св. Пятра быў устаноўлены мабільны медыцынскі пункт.

Часовы шпіталь працуе з 10 лістапада. Бедныя, бяздомныя, беспрацоўныя, мігранты могуць карыстацца яго паслугамі на працягу чатырнаццаці гадзін у суткі – з 8.00 да 22.00. Дапамога аказваецца бясплатна. Не патрэбна таксама папярэдняя рэгістрацыя і медыцынская страхоўка.

Ініцыятыва рэалізуецца ўжо ў трэці раз. Упершыню медпункт быў арганізаваны ў 2017 г. Пры падтрымцы медыцынскіх цэнтраў і ўрачоў, сёлета быў пашыраны спектр дапамогі: бедныя могуць патрапіць на прыём да тэрапеўта, кардыёлага, дыябетолага, рэўматолага, інфекцыяніста, гінеколага і акуліста, а таксама здаць аналізы, прайсці ўльтрагукавое абследаванне, зрабіць прышчэпкі.

З нагоды Сусветнага дня бедных, у бліжэйшую нядзелю Папа будзе цэлебраваць св. Імшу ў ватыканскай базыліцы. Пасля літургіі, у Зале Паўла VI пройдзе святочны абед для 1,5 тыс. асоб у патрэбе.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 лістапада 2019, 13:39