Пошук

Арцыбіскуп Марыё Грэк з Францішкам Арцыбіскуп Марыё Грэк з Францішкам 

Сінод Біскупаў – місійнае скрыжаванне Касцёла

Сінод Біскупаў па Амазоніі стаў пацвярджэннем справядлівасці слоў папы Францішка адносна таго, што “рэчаіснасць можна лепш убачыць з перыферыі, чым з цэнтра”, - лічыць арцыбіскуп Марыё Грэк.

Генеральны про-сакратар Сінода Біскупаў, прызначаны на гэтую пасаду Святым Айцом 2 кастрычніка 2019 г., падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняга Сінода па Амазоніі і вызнаў сваю прыхільнасць прынцыпу сінадальнасці, які займае цэнтральнае месца ў вучэнні і пастырскай дзейнасці Францішка.

Па словах іерарха, удзел у Сінодзе пераканаў яго ў справядлівасці слоў папы Францішка адносна таго, што “рэчаіснасць можна лепш убачыць з перыферыі, чым з цэнтра”. Каментуючы ж сваё новае прызначэнне, ён заўважыў, што ўспрымае яго як “місійнае пакліканне”, таму што “Сакратарыят Сінода – гэта скрыжаванне, якое вядзе да збліжэння біскупскіх канферэнцый усяго свету”, і таму што “сам Сінод Біскупаў – гэта інструмент евангелізацыі”.

Каментуючы адданасць Францішка прынцыпу сінадальнасці, іерарх выказаў меркаванне, што яна ўкаранёная ў катэгорыі “народ Божы”. “Народ знаходзіцца ў самым сэрцы яго душпастырскага досведу”, з чаго вынікае, што Касцёл атаясамліваецца не з іерархіяй, а з народам Божым, які ўключае як біскупаў, святароў і кансэкраваных асоб, так і свецкіх вернікаў, і ўсе яны, хоць і надзеленыя рознай харызмай, валодаюць аднолькавай годнасцю, - патлумачыў арцыбіскуп.

Sensus fidei, пра які ідзе гаворка ў “Lumen gentium”, дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл, з’яўляецца, на думку арцыбіскупа Грэка, “герменеўтычным ключом для разумення тэалогіі сінадальнасці, якую прапануе папа Францішак”.

Генеральны про-сакратар Сінода заўважыў, што адметнасцю сёлетняй Асамблеі стала ўзмацненне пазіцый у падтрымку большага ўключэння жанчын у душпастырскую і евангелізацыйную дзейнасць Касцёла. Па яго словах, “распачаўся працэс, праз які Касцёл зможа набыць больш жаночае аблічча, якое стане адлюстраваннем твару Марыі, Зоркі евангелізацыі”.

Нарэшце, па выніках Сінода арцыбіскуп Грэк выказаў пажаданне, каб у будучым Касцёл вучыўся з большай дакладнасцю фармуляваць свае пазіцыі і меркаванні, а журналісты – “узрастаць у жаданні глыбокага разумення рэлігійных падзей”. Так, на думку іерарха, можна пазбегнуць канфрантацыі паміж Сінадальнымі Айцамі і супрацоўнікамі СМІ, пра якую сведчаць скажэнні, з якімі інфармацыя аб ходзе Сінода з’яўляецца ў медыяпрасторы.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 лістапада 2019, 13:46