Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Будучыя святыя і благаслаўлёныя: Папа ўхваліў дэкрэты

28 лістапада 2019 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэла Бэчу, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і дазволіў абнародаваць падрыхтаваныя ёй дэкрэты аб будучых святых і благаслаўлёных.

Першыя тры дэкрэты тычацца прызнання цудаў, здзейсненых праз заступніцтва трох італьянскіх святароў: бл. Луіджы Марыі Палацолы, заснавальніка манаскай супольнасці Сясцёр бедных, памерлага ў 1886 г.; кс. Алінта Марэлы, памерлага ў 1969 г.; і а. Джузэпэ Амбразолі, з супольнасці Місіянераў Камбаніянаў Сэрца Езуса, памерлага ў 1987 г. ва Угандзе.

Дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва тычацца ахвяр канфліктаў ХХ ст.: Каетана Хіменэса Марціна і яго 15-ці паплечнікаў, святароў і свецкіх вернікаў, якія былі забіты з нянавісці да веры падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1936 г., і польскага святара, кс. Яна Францішка Маха, забітага з нянавісці да веры ў 1942 г. у Катавіцах.

Святы Айцец дазволіў абнародаваць таксама шэсць дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасці цнотаў: канадскага біскупа Авіда Шарлебуа з кангрэгацыі Місіянераў аблатаў Беззаганнай Панны Марыі, Апостальскага вікарыя Кеваціна, памерлага ў 1933 г.; нямецкага біскупа Міхаэля Вітмана, дапаможнага біскупа Рэгенсбургскай дыяцэзіі, памерлага ў 1833 г.; італьянскага святара, кс. Алінта Фэдзі, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Беззаганнай, памерлага ў 1923 г.; італьянскага манаха, Фра Джакама Буглара, з Ордэна Меншых Братоў Канвентуальных, памерлага ў 1967 г.; італьянскай манахіні, Джаваны Марыі Батысты Салімані, заснавальніцы мананскіх супольнасцей – Сястрыцтва св. Яна Хрысціцеля і Місіянераў св. Яна Хрысціцеля, памерлай у 1758 г.; а таксама іспанскай манахіні Ганны ад Езуса (свецкае імя: Ганна Дэ Лабэра) з Ордэна Кармелітак Босых, памерлай у 1621 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лістапада 2019, 10:27