Пошук

Vatican News
Вернікі ў калумбійскай Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Вернікі ў калумбійскай Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота  (@Repam Cidse)

Удзельнік Сінода: праблема не ў цэлібаце, а адсутнасці сведчання

Не веру, што Езус страціў сілу прыцягваць новых вучняў. Гэта, хутчэй, мы былі перашкодай з-за адсутнасці сведчання і паслядоўнага жыцця, - адзначыў біскуп Вэлінгтон Тадэу дэ Кэйроз Віейра на Сінодзе.

Пастыр бразільскай дыяцэзіі Крысталандыя падкрэсліў, што няма дактрынальных перашкод для пасвячэння жанатых мужчын, але адзначыў, што не цэлібат з’яўляецца галоўнай праблемай для павелічэння колькасці святароў, таксама і ў Еўропе. Праблема ў адсутнасці паслядоўнага сведчання.

Іерарх адзначыў, што Касцёл мае патрэбу ў новых шляхах не толькі ў Амазоніі. “Нашым галоўным напрамкам павінен стаць шлях святасці і навяртання. Асноўным сродкам абуджэння новых пакліканняў з’яўляецца святасць сучасных евангелізатараў”, - падкрэсліў ён.

“Не думаю, што цэлібат – гэта галоўная праблема на шляху абуджэння новых святарскіх пакліканняў. Ёсць і іншыя праблемы, такія як наша непаслядоўнасць жыцця, нявернасць. Гэта скандалы з нашым удзелам і адсутнасць святасці часта робяць святароў перашкодай для прыняцця рашэння маладымі людзьмі, ступіць на гэты шлях”, - лічыць біскуп дэ Кэйроз Віейра.

Іерарх, які бярэ ўдзел у Сінодзе па Амазоніі, падкрэсліў, што падчас сінадальных разважанняў варта думаць не пра тое, што трэба змяніць у Касцёле, а што трэба змяніць у сабе. Ён нагадаў, што асноўным інструментам абуджэння новых пакліканняў з’яўляюцца такія рысы евангелізатараў, як прастата жыцця, адкрытасць да дыялогу, абвяшчэнне хрысціянскай праўды, спагада і блізкасць да тых, хто пакутуе, здольнасць ахвяраваць сабой.

Бразільскі пастыр з сумам адзначыў, што праблема недахопу душпастыраў у Амазоніі абумоўлена, між іншым, дрэнным размеркаваннем святароў. “У Лацінскай Амерыцы ўсё менш місіянерскага духа. Усё менш і менш святароў, гатовых працаваць на перыферыі, у складаных умовах і ў памежных сітуацыях”, - падкрэсліў удзельнік Сінода.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 кастрычніка 2019, 13:20