Свята Дзіпавалі. Ілюстрацыйнае фота Свята Дзіпавалі. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад павіншаваў індуістаў з іх галоўным святам

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала пасланне да вызнаўцаў індуізму ва ўсім свеце з нагоды свята Дзіпавалі, якое адзначаецца сёлета 27 кастрычніка.

Мы жывём у часы, калі, з аднаго боку, прыкладаюцца намаганні ў напрамку міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу, супрацоўніцтва і братэрскай салідарнасці, а з іншага, у некаторых вернікаў назіраецца апатыя, абыякавасць і нават нянавісць да іншых. Такое стаўленне можа “разбураць тканіну гарманічнага суіснавання ў грамадстве”, - пішуць аўтары.

Рэлігія, нагадалі яны, прынцыпова натхняе бачыць у іншым брата і сястру, якіх трэба падтрымліваць і любіць, вучыць паважаць недатыкальную годнасць і неад’емныя правы людзей, без перадузятасці да іх веры і культуры. “Такім чынам, жыццё ў духу братэрства і зносін пры дапамозе пастаяннага дыялогу павінна быць натуральным следствам прыналежнасці да хрысціянства і індуізму”, - гаворыцца ў пасланні Папскай рады.

“Хоць негатыўныя навіны ў журналісцкіх загалоўках пераважаюць, гэта не павінна прыглушыць нашай рашучасці пасеяць насенне братэрства, бо ёсць схаванае мора дабра, якое расце і прымушае нас спадзявацца на магчымасць пабудовы, разам з паслядоўнікамі іншых рэлігій і ўсіх людзей добрай волі, свету салідарнасці і міру”, - напісалі аўтары. Яны спаслаліся на 150-годдзе з дня нараджэння Махатмы Гандзі, “выдатнага і мужнага сведкі праўды, любові і ненасілля”, і заклікалі “чэрпаць натхненне з яго прыкладу ў мірным суіснаванні”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 кастрычніка 2019, 14:17