Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

#SinodoAmazonico: пачуць голас народаў Амазоніі

Праблемы моладзі, выклікі міграцыі, урбанізацыі, душпастырства, фармацыі свецкіх вернікаў і святароў, абмяркоўваліся 8 кастрычніка 2019 г. на Сінодзе Біскупаў ў Ватыкане.

Падчас брыфінгу, які прайшоў у Зале Друку Апостальскай Сталіцы, старшыня Інфармацыйнай камісіі і прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі, Паола Руфіні, пазнаёміў журналістаў з асноўнымі тэмамі, якія ўздымаліся ў Сінадальнай зале.

Шмат увагі ўдзельнікі Асамблеі звярталі на важнасць адпаведнай фармацыі свецкіх вернікаў і святароў, якая павінна быць інкультураванай, улічваць асаблівасці народаў Панамазонскага рэгіёну. Неабходнай з’яўляецца рэфлексія аб ролі свецкіх у евангелізацыі, бо гэта абавязак усіх членаў Касцёла.

Гаворка ішла пра важнасць таго, каб чуць просьбы аб дапамозе, якія скіроўваць народы Амазоніі, перад абліччам шматлікіх праблем, звязаных з парушэннямі правоў чалавека, дзейнасцю крымінальных груповак, занядбаннем навакольнага асяроддзя, вырубкай лясоў, маргіналізацыяй у вялікіх гарадах, адсутнасцю належнага душпастырства.

Звярталася ўвага на тэрміновасць праблемы, звязанай з недахопам святароў і немагчымасцю многіх амазонскіх католікаў рэгулярна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і прымаць іншыя сакрамэнты. Заўважалася, што на некаторых тэрыторыях памерам з Італію ці Германію, служыць усяго каля 50 святароў. У той жа час праблема недахопу святароў не павінна разглядацца толькі з функцыянальнага пункту гледжання, казалі Айцы Сінода.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 кастрычніка 2019, 14:04