Пошук

Vatican News
Удзельнікі Сінода па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Удзельнікі Сінода па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Сінод працягвае дыскутаваць пра viri probati і служэнне жанчын

На 10-й генеральнай кангрэгацыі, якая прайшла ў другой палове дня 14 кастрычніка 2019 г., удзельнікі Сінода размаўлялі пра пераасэнсаванне служэння Касцёла з улікам сінадальнасці.

Падкрэслівалася, што Касцёл у Амазоніі павінен быць супольнасцю Слова, а для гэтага патрэбны новыя слугі Слова, у тым ліку жанчыны. Для адказу на сучасныя выклікі, трэба інвеставаць у добра падрыхтаваных свецкіх вернікаў, якія змогуць данесці Евангелле да кожнага кутка Амазоніі.

Прагучала меркаванне, што Касцёл павінен больш цаніць харызматы свецкіх вернікаў, гэта дазволіць адысці ад клерыкалізму. Пытанні так званых viri probati і жаночага служэння павінны вырашацца на асобным звычайным сінадальным сходзе, паколькі гэта тэмы ўніверсальнага маштабу, падкрэслівалі выступоўцы. Перш чым казаць пра святарскае пасвячэнне для viri probati, трэба ўдзяліць адпаведную ўвагу пастаяннаму дыяканату, які можа стаць сапраўднай базай для пасвячэння жанатых мужчын. Што тычыцца служэння жанчын у Касцёле, яно можа быць сканцэнтравана вакол цэлебрацыі Літургіі Слова або грамадска-дабрачыннай дзейнасці, прапанавалі выступоўцы.

Удзельнікі не абышлі і тэму абароны непаўналетніх і ўразлівых дарослых. Касцёл павінен заставацца тут заўсёды пільным і мужным. Як падкрэслівалася, самы вялікі выклік – празрыстасць і адказнасць за падобныя злачынствы. Гэта дапаможа прадухіліць злоўжыванні і эфектыўна змагацца з імі.

Іншымі тэмамі на 10-й кангрэгацыі сталі: праца на карысць пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, важнасць уключэння інтэгральнай экалогіі ў катэхетычнае навучанне, а таксама абарона і падтрымка карэнных народаў праз адукацыю і праекты сацыяльнага развіцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 кастрычніка 2019, 12:40