Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сінод па Амазоніі: Касцёл не можа не ўздымаць цяжкія праблемы

СМІ абмінаюць некаторыя тэмы Сінода Біскупаў па Амазоніі. На гэта звярнуў увагу арцыбіскуп Сэрхіа Альфрэда Гуалбэрці Каландрына, пастыр дыяцэзіі Санта-Круз-Дэ-Ла-Сьера ў Балівіі.

Іерарх заўважыў, што вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю наносіць аграбізнес, але размаўляць пра гэту праблему нявыгадна з эканамічнага і палітычнага пункту гледжання. “У імя клопату пра чалавека Касцёл павінен адважна ўздымаць цяжкія грамадскія пытанні і гучна пра іх казаць”, - сцвердзіў ён.

Арцыбіскуп Гуалбэрці Каландрына, які з’яўляецца членам Камісіі па рэдагаванні Выніковага дакумента Сінода, лічыць, што многія СМІ наўмысна абмінаюць значэнне экалагічных тэм, якія ўздымаюцца на Асамблеі, “памяншаючы іх важнасць не толькі для Амазоніі, але і для будучыні ўсёй планеты”.

Балівійскі іерарх заўважыў, што энцыкліка Францішка “Laudato si’” – вельмі нязручны для свету дакумент. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на праблему нелегальнага заняцця земляў пад жывёлагадоўлю ў Балівіі. Паводле яго слоў, краіна падпісала прыбытковыя міжнародныя кантракты на экспарт мясной прадукцыі, але, каб мець тэрыторыю для пашаў, цяпер вырубаюцца лясы і правакуюцца лясныя пажары. Толькі ў гэтым годзе ў краіне было знішчана 42 тыс. квадратных кіламетраў лесу – тэрыторыя, роўная па плошчы італьянскаму рэгіёну Лацыё. “Гэта тэма вельмі моцна гучыць у Сінадальнай зале, але не знаходзіць дастатковага рэзанансу ў СМІ”, - з жалем адзначыў іерарх.

Іншай важнай тэмай Сінода з’яўляецца пошук адказу на пытанне пра шляхі ўмацавання евангелізацыі Амазоніі, пра плённае сеянне зерня Евангелля на гэтай зямлі. “Прагучала вельмі шмат прапаноў, але я перакананы, што Амазонія патрабуе больш радыкальнага жыццёвага сведчання, нашага больш пераканаўчага быцця Касцёлам”, - сказаў ён.

“Існуе патрэба ў больш з’яднаным Касцёле, больш евангельскім, а разам з тым, больш бедным. У адказах, якія намагаемся даць, мы павінны быць больш канкрэтнымі. Прапануецца, напрыклад, стварэнне вандроўных душпастырскіх груп, якія б маглі дасягнуць тых месцаў, дзе не хапае святароў. (...) Гэты шлях, які мы спрабуем акрэсліць зараз, патрабуе ў першую чаргу місійнай пячаткі. Мы павінны быць Касцёлам, які выходзіць насустрач канкрэтнай рэчаіснасці, канкрэтных людзей і канкрэтных народаў”, - сцвердзіў арцыбіскуп Гуалбэрці Каландрына.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2019, 10:33