Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

На Сінодзе прадстаўлены справаздачы аб дыскусіях у групах

Падчас 13-й Генеральнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне ў прысутнасці Святога Айца былі прадстаўлены справаздачы аб дыскусіях у рабочых групах.

Тэксты, якія былі перададзены ў Генеральны сакратарыят Сінода, не з’яўляюцца афіцыйнымі дакументамі Асамблеі, але абагульненнем зместу шчырых і свабодных дэбатаў паміж яе ўдзельнікамі.

Члены рабочых груп падкрэслівалі, што Сінод з’яўляецца не “рэгіянальным”, а “паўсюдным”, бо тое, што адбываецца ў Амазоніі тычыцца ўсяго свету. Адзначалася, што імператывам для Касцёла павінна стаць увага да “плачу народаў і зямлі”, канкрэтная дзейнасць перад абліччам насілля, знішчэння прыроды і ўсіх іншых праяваў зла, “якія забіваюць культуру і душу”.

Удзельнікі Сінода казалі пра патрэбу ў стварэнні міжнароднага цэнтру маніторынга за сітуацыяй правоў чалавека, казалі, што абарона народаў і прыроды павінна быць часткай касцёльнай і душпастырскай дзейнасці. Гаворка ішла пра важнасць абароны жыцця, стварэння бяспечных умоў у парафіях для дзяцей, дарослых і ўразлівых людзей.

Звярталася ўвага на тое, што Касцёл не павінен з аднаго боку абмяжоўвацца правядзеннем абрадаў, а з іншага – ператварацца ў падабенства няўрадавай праваабарончай ці дабрачыннай арганізацыі. Па прычыне падобных скажэнняў многія людзі пачынаюць шукаць адказ на сваю прагу духоўнасці ў сектах ці супольнасцях іншых канфесій. Удзельнікі рабочых груп казалі пра важнасць экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу.

Адзначалася патрэба ў глыбокім аналізе ролі свецкіх вернікаў і жанчын у Касцёле ў Амазоніі. Падкрэслівалася, што пытанне аб служэнні жанчын можа стаць тэмай асобнай Сінадальнай Асамблеі, на якой жанчыны мелі бы права голасу падчас галасаванняў.

Выказвалася прапанова аб правядзенні Сінода, прысвечанага так званым “viri probati”. Адносна гэтай тэмы меркаванні адрозніваліся: гучалі заўвагі, што ўвядзенне магчымасці пасвячэння жанатых мужчын можа аслабіць місіянерскі запал Паўсюднага Касцёла і пагражаць змяншэнню каштоўнасці цэлібата. З іншага боку заўважалася, што існуе патрэба ў пастаяннай прысутнасці душпастыраў сярод вернікаў, а не толькі ў іх візітах, чаму можа паспрыяць удзяленне прэзбітарыяту жанатым мужчынам, якія маюць добрую рэпутацыю, пажадана з карэннага насельніцтва, выбраным, пры пэўных умовах, мясцовымі супольнасцямі.

З улікам вялікай плошчы Амазоніі і малой колькасці святароў, прапаноўвалася стварэнне рэгіянальнага фонду на карысць устойлівай евангелізацыі. Гаворка ішла пра патрэбу скіравання місіянераў з іншых частак свету. Звярталася ўвага на змяншэнне прысутнасці манаскіх супольнасцей у Амазоніі, а таксама на патрэбу не толькі ў акадэмічнай фармацыі святароў, але таксама практычнай: побач з пакутуючых людзьмі, у турмах і шпіталях. Выказваліся прапановы аб стварэнні семінарый для карэнных народаў Амазоніі. Яны не павінны быць пасіўнымі аб’ектамі душпастырства, але браць адказнасць за веру і Касцёл.

Удзельнікі рабочых груп звярталіся да прапановы аб увядзенні асобнага “амазонскага абраду”, казалі пра неабходнасць перакладу Святога Пісання на мовы карэнных народаў, раскрыцця каштоўнасці амазонскага светаўяўлення, якое многаму можа навучыць заходняе грамадства, размаўлялі пра паглыбленне ўсведамлення “экалагічным грахоў” і развіццё сетак каталіцкай камунікацыі ў рэгіёне.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2019, 15:26