Падчас св. Імшы на распачацце Сінода па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Падчас св. Імшы на распачацце Сінода па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота 

Сінод Біскупаў: Амазонія патрабуе “інкультураванай літургіі”

Евангелізацыя ў амазонскім рэгіёне павінна ажыццяўляцца з улікам культуры, традыцый і ладу жыцця карэннага насельніцтва. Трэба забяспечыць мясцовым вернікам “інкультурацыю” літургіі.

Пра гэта, між іншым, казалі ўдзельнікі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне падчас чарговага дня працы, паведаміў у ходзе брыфінгу ў Ватыкане 14 красавіка 2019 г. сакратар Інфармацыйнай камісіі Асамблеі, кс. Джакама Коста. Па яго словах, панядзелак выдаўся “надзвычай багатым на тэмы”.

Па словах італьянскага езуіта, побач з вялікай увагай да місійнай дзейнасці Касцёла ў мясцовых супольнасцях Амазоніі і неабходнасці евангелізацыі, здольнай улічваць культуру, традыцыі і лад жыцця карэннага насельніцтва, Сінадальныя Айцы засяродзіліся на пытанні “інкультураванай літургіі”, якая ўвасабляе галоўную крыніцу натхнення для намаганняў у справе абароны навакольнага асяроддзя і чалавечага жыцця.

Упершыню ў рамках Сінода была ўзнята тэма “экалагічных правоў чалавека”, працягнуў святар. Абмяркоўваліся канкрэтныя шляхі іх гарантавання як неабходная ўмова забеспячэння дабрабыту і годнага жыцця кожнага чалавека. Акрамя таго, Сінадальныя Айцы казалі пра важнасць забеспячэння росту культуры камунікацыі ў Панамазонскім рэгіёне, умення залучаць да дыялогу мясцовыя супольнасці.

Кс. Коста адзначыў, што ў выступленнях многіх удзельнікаў рабочых груп падкрэслівалася шматузроўневасць феномена “інтэгральнага экалагічнага навяртання” і заўважалася, што на міжнародным узроўні яго ажыццяўленню павінна спрыяць супрацоўніцтва папскіх легатаў і прадстаўнікоў Святога Пасаду з кіраўніцтвам дзяржаў і ўплывовых міжнародных арганізацый.

На гэтую тэму выказалася і генеральны сакратар Міжнароднага каталіцкага альянсу Агенцтваў па развіцці Жазан Гацье. Падчас брыфінгу яна заўважыла, што сваёй асабістай місіяй і заданнем структуры, у якой працуе, бачыць данясенне “голасу Амазоніі” да ўплывовых міжнародных арганізацый, якія валодаюць рэальнай уладай. Для наяўнасці дыялогу, важна, каб крык Амазоніі быў чутны, каб патрэбы слабых і безабаронных задавальняліся, пра гэта трэба казаць тым, хто мае рэальныя магчымасці дапамагчы.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 кастрычніка 2019, 15:04