Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Джозэф Марына падчас сустрэчы з Францішкам Арцыбіскуп Джозэф Марына падчас сустрэчы з Францішкам  (Vatican Media)

Прызначаны новы рэктар Папскай дыпламатычнай акадэміі

Новым рэктарам Папскай дыпламатычнай акадэміі (Pontificia Accademia Ecclesiastica) прызначаны арцыбіскуп Джозэф Марына, дагэтуль – Апостальскі нунцый у Малайзіі.

На гэтай пасадзе амерыканскі іерарх зменіць арцыбіскупа Джампьетра Гладэра, прызначанага Апостальскім нунцыем на Кубе.

Арцыбіскуп Джозэф Марына распачаў дыпламатычную кар’еру ў 1988 г. у Апостальскай нунцыятуры на Філіпінах. З 1991 г. па 1994 г. працаваў ва Уругвае, наступныя чатыры гады – у Нігерыі, а з 1997 г. – на Балканах, у тым ліку ў Белградзе ў перыяд узброенага канфлікту ў Косава. Іерарх уваходзіў у склад дэлегацыі Святога Пасаду, якая напярэдадні вайны ў Іраку ў 2003 г. накіравалася ў Белы Дом з місіяй спрыяння прадухіленню атакі.

Пасля прызначэння ў 2008 г. нунцыем арцыбіскуп Марына накіраваўся на службу ў Бангладэш, дзе працаваў да 2013 г. Потым атрымаў прызначэнне на працу Апостальскім нунцыем у Малайзіі і Усходнім Тыморы, а таксама Апостальскім легатам у Брунэі.

У якасці рэктара Папскай дыпламатычнай акадэміі на арцыбіскупа Марына ускладаецца місія пераадолення крызісу, з якім навучальная ўстанова сутыкнулася ў сувязі з памяншэннем колькасці пакліканняў і з дзеючым у Акадэміі ўзроставым абмежаваннем: на вучобу прымаюцца толькі кандыдаты ва ўзросце да 33 гадоў. Крызіс адбіваецца і на Апостальскіх нунцыятурах ва ўсім свеце, якія адчуваюць недахоп падрыхтаваных супрацоўнікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 кастрычніка 2019, 13:24