Cerca

Vatican News
Эмблема ААН Эмблема ААН 

Прадстаўніца ААН на Сінодзе Біскупаў па Амазоніі

Выяўленне выпадкаў карупцыі і парушэння правоў чалавека, а таксама падтрымка народаў Амазоніі з’яўляецца вялікім укладам, які Касцёл уносіць у развіццё рэгіёна.

Гэта падкрэсліла Вікторыя Таулі-Корпус, спецыяльны пасланнік ААН па правах карэнных народаў, запрошаная на Сінод Біскупаў у якасці спецыяльнага госця. Асамблея – важная падзея не толькі для Амазоніі, але і для інтарэсаў карэнных народаў ва ўсім свеце, перакананая жанчына, якая сама паходзіць з старажытнага племені канканэй ігарот, якое жыве ў Філіпінскіх гарах.

На думку прадстаўніцы ААН, найбольшай праблемай Амазоніі з’яўляецца сістэматычнае парушэнне права на зямлю і заняцце наднацыянальнымі канцэрнамі тэрыторый, якія належалі карэнным народам на працягу стагоддзяў. Мясцовых праваабаронцаў пераследуюць і забіваюць.

“Часта місіянеры з’яўляюцца адзінымі, хто абараняе карэнныя народы і іх правы”, - заўважыла Таулі-Корпус. Яна падкрэсліла, што свет усё яшчэ занадта мала кажа пра знішчэнне амазонскіх лясоў і іншыя страты, нанесеныя горнымі кампаніямі. У якасці прыкладу пасланніца ААН прывяла масавыя выпадкі захворванняў сярод дзяцей з племя яномані, справакаваныя вялікай колькасцю ртуці ў арганізме – яе выкарыстоўваюць для здабычы золата. Яна таксама распавяла пра прадстаўнікоў народа сінгу, якія ў выніку пабудовы велізарнай плаціны ў Бэла-Монтэ засталіся без асноўнай крыніцы прыбытку – рыбалоўства.

Вікторыя Таулі-Корпус – трэцяя прадстаўніца ААН, якая прымае ўдзел у Сінодзе Біскупаў у Ватыкане. У Асамблеі, прысвечанай Афрыцы, у 2009 г. удзельнічалі Жак Дыюф, генеральны дырэктар ФАО і Радольфа Адада Ада, спецыяльная прадстаўніца генеральнага сакратара ААН і старшыня камісіі Афрыканскага саюза ў Дарфуры.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 кастрычніка 2019, 11:32