Пошук

Vatican News
Кардынал Бэньяміна Стэла Кардынал Бэньяміна Стэла  (Vatican Media)

Кардынал-прэфект: не баяцца прапанаваць дар цэлібату Амазоніі

Не трэба баяцца прапанаваць народам Амазоніі дар поўнага прысвячэння Пану, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.

Высокі ватыканскі іерарх заўважыў, што “святарскі цэлібат трэба захоўваць, жывіць і асабліва бараніць шляхам глыбокай духоўнасці, малітоўнага жыцця і еднасці з Панам”.

Кардынал лічыць, што ідэі святарскага цэлібату супрацьстаіць сучасная культура, але не толькі: святары сустракаюцца з рознага роду спакусамі, нярэдка па прычыне траўматычнага досведу, атрыманага ў маленстве ці юнацтве. На думку прэфекта, трэба ўлічваць асабістую гісторыю кожнага кандыдата да святарства, каб зразумець, ці мае ён перадумовы для жыцця ў цэлібаце, ці валодае дастатковай ураўнаважанасцю і сталасцю, асабліва афектыўнай: менавіта яна дазваляе зрабіць правільны выбар у моманты спакус.

Адказваючы на пытанне пра тое, якім чынам могуць абараніцца ад спакусаў святары і семінарысты, кардынал Стэла зазначыў, што яны “павінны быць моцнымі, ураўнаважанымі і разважлівымі”.

“Але перш за ўсё яны павінны быць матываваны моцнай любоўю да Евангелля і да Пана. У моманты выпрабаванняў мы можам глядзець на гісторыі мучанікаў, якія замест жыцця выбіралі Езуса. Святары ў сітуацыях выпрабаванняў павінны быць здольнымі сказаць: “Я выбраў Пана і павінен заставацца верным Яму”, як рабілі мучанікі. У гэтым заключаецца сутнасць цэлібата”, сказаў іерарх.

Паводле прэфекта, свет усё часцей заклікае забыць аб вымярэнні , якое можна ахарактарызаваць словам “назаўсёды”. “Назаўсёды – гэта вялікі заклік Касцёла да сваіх святароў лацінскага абраду, да манахаў, якія склалі абяцанні, а таксама да хрысціянскіх сужонкаў, бо і яны пакліканы да пажыццёвых абавязацельстваў у шлюбе. Гаворка ідзе пра пакліканне да вернасці Евангеллю і Езусу”, - сказаў ён.

Гаворачы пра цэлібат у кантэксце Касцёла ў Амазоніі кардынал Стэла нагадаў, што першыя місіянеры ў Афрыцы таксама думалі, што мясцовае насельніцтва няздольнае зрабіць выбар на карысць жыцця ў чыстасці як Божага дару, але “сёння ў нас ёсць духавенства, якое жыве ў цэлібаце, ёсць цудоўны епіскапат”.

“Вядома, я не хачу быць ідэалістам: існуюць цьмяныя моманты, слабасці, здрада. Аднак, я не разумею, чаму нельга прапанаваць ідэю цэлібата ў Амазоніі. Я думаю, што нам не хапіла рашучасці. Мы, як святары і пастыры, недастаткова засвоілі пазіцыю Касцёла, які кажа: Бог кліча і патрабуе поўнага, канчатковага прысвячэння. Выбар Евангелля ў цэлібаце – гэта прапанова, якую мы павінны рабіць, усведамляючы, што місійныя Касцёлы здзяйсняюць цяжкі шлях, часам нават траўматычны”, - заўважыў ён.

Паводле кардынала, “Касцёл у Амазоніі павінен казаць моладзі аб гэтым глыбокім і радыкальным евангельскім выбары, прапаноўваць яго, матываваць, “не сумняваючыся, што Бог можа ўмацаваць сэрцы, а таксама вылечыць чалавечую слабасць”.

Каментуючы прапанову стварэння асобнага “амазонскага абраду”, кардынал Стэла заўважыў, што “ў індзейскіх народаў свае мовы, свая гісторыя, культура, бачанне космасу”. “Я думаю, што ўсё гэта можна выразіць у літургіі”, - сказаў ён. У той жа час іерарх заклікаў не спяшацца і быць разважлівымі ў гэтым пытанні.

“Некаторыя аспекты, пасля ўважлівага распазнавання , біскуп можа ўвесці ў цэлебрацыю. Але сутнасцю павінна быць спадчына Паўсюднага Касцёла, у асаблівасці Рымскага абраду, і гэтым нельга пагарджаць, гэта нельга недаацэньваць”, - папярэдзіў ён.

Паводле ватыканскага іерарха, гісторыя “паслясаборнага літургічнага беспарадку”, калі гэта можна так назваць, вучыць нас многаму. “Шматлікія вольнасці, якія часта прадпрымаюцца па ініцыятыве асобных святароў і малых супольнасцей, парадзілі горкія плады. У любым выпадку, пастыры Амазоніі абмяняліся ідэямі, а мы паглядзім, што прапануе Выніковы дакумент”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 кастрычніка 2019, 14:33