Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (© Biblioteca Apostolica Vaticana)

Кардынал пра Ватыканскі апостальскі архіў у місіі Касцёла

Перайменаванне Ватыканскага сакрэтнага архіва ў Ватыканскі апостальскі архіў пракаментаваў на старонках газеты “L’Osservatore Romano” кіраўнік гэтай структуры, кардынал Жазэ Таленціна Мэндонса.

Архіварыус Ватыканскага апостальскага архіва і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла заўважыў, што папскі архіў мае шматвекавую гісторыю, будучы заснаваным каля 1611 г. Паўлам V, які аддзяліў архіўныя фонды ад кніжных фондаў Ватыканскай бібліятэкі. “Гэта было распаўсюджанай тэндэнцыяй у дзяржаўных еўрапейскіх структурах таго часу, у якіх павялічвалася колькасць “сакрэтных” архіваў, гэта значыць прыватных, прызначаных для манарха”, - напісаў іерарх.

Кардынал Мэндонса падкрэсліў, што ў “вялізарнай дакументальнай спадчыне, якая збіралася стагоддзямі, адлюстроўваецца сапраўдны “transitus Domini”, шлях Пана Езуса ў гісторыі людзей праз гісторыю супольнасці тых, хто верыць у Яго”. “Гаворка ідзе пра падзеі, якія непазбежна адлюстроўваюць святло і цені людской рэчаіснасці, але ў першую чаргу паказваюць імкненне да пастаяннай вернасці, часта выражанай у святасці і мучаніцтве”, - дадаў ён.

Архіварыус нагадаў, што яшчэ ў 1881 г. Леў ХІІІ з надзвычайнай мужнасцю і глыбокай дальнавіднасцю, “перамагаючы таксама немалы ўнутраны супраціў”, паступова дазволіў навукоўцам з усяго свету знаёміцца з дакументамі, сабранымі ў Ватыканскім архіве, а ў знакамітым лісце “Saepernumero considerantes”, рашуча пацвердзіў перакананасць у тым, што не трэба баяцца даследаванняў, не трэба баяцца казаць праўду, але няпраўду.

Кардынас Мэндонса заўважыў, што дзякуючы рашэнню Льва ХІІІ, ватыканскае сховішча каштоўных дакументаў з часам ператварылася ў “дзейсны навуковы і даследчы цэнтр, у якім сыходзіліся і працягваюць сыходзіцца гістарычныя інстытуты і даследчыкі з усяго свету, незалежна ад веры, нацыянальнасці ці культуры”.

“Рашэнне папы Францішка змяніць у назве Архіва прыметнік “сакрэтны” на “апостальскі” знаходзіцца ў поўнай пераемнасці з рашэннем Льва ХІІІ і яго наступнікаў”, - падкрэсліў іерарх. “Змрочны і цьмяны характар, які мае ва ўспрымальнасці і ўяўленні тэрмін “сакрэтны” зрабіў неабходным гэты крок”, калі архіў перастаў быць “сакрэтным”, ці іншым словам – “прыватным”, - дадаў ён.

“Слова “secretum” паходзіць ад “secernere”, што значыць “зарэзерваваны”, даступны для манарха і яго ўраду. У сваю чаргу тэрмін “апостальскі” ужо выкарыстоўваўся ў ХVII ст., калі ўзнік сучасны Ватыканскі архіў. Ён часта ўжываўся разам прыметнікам, які гістарычна займеў перавагу, і пэўным чынам выражаў тое ж паняцце, але ўзвышаючы і ўмацоўваючы яго. Ватыканскі архіў і Папскі архіў, архіў яго курыі – таму цалкам “апостальскі”, што значыць неабходны і неад’емны для наступніка апостала Пятра ў служэнні Паўсюднаму Касцёлу. Але гэты архіў – глыбока “каталіцкі”, бо ў ім адлюстроўваецца жыццё Паўсюднага Касцёла і ўсяго свету, – быў без страху адкрыты для даследчыкаў з усяго свету, з жэстам даверу і адкрытасці, які ёсць самай надзейнай і пераканаўчай апалогіяй нашай веры”, - зазначыў кардынал Мэндонса.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што цяпер Архіў і Бібліятэка маюць у сваіх назвах слова “апостальскія”, што падкрэслівае іх ролю ў місіі Касцёла, якая заключаецца ў абвяшчэнні свету збаўлення Езуса Хрыста.

“Архіў і Бібліятэка – гэта не ўпрыгожванне і не прадмет раскошы, але рэсурс для будучыні, для разумення і інтэрпрэтацыі гісторыі людзей, якой з’яўляецца непараўнальным і верным адлюстраваннем. Як сказаў Францішак падчас візіту ў Архіў 4 снежня 2018 г. – гэта не толькі месца для захавання мінулага, але таксама магчымасць сустрэцца з будучыняй. “Motu proprio” такім чынам – гэта акт вернасці Евангеллю, і, адначасова, гісторыі. За гэта мы павінны быць удзячнымі папу Францішку”, - закончыў сваё разважанне кардынал Жазэ Таленціна Мэндонса.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2019, 15:30