Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Экалагічны падыход да правядзення Сінода па Амазоніі

Падчас правядзення Сінода па Панамазонскім рэгіёне будзе максімальна абмежавана выкарыстанне “неэкалагічных” матэрыялаў і тэхналогій, - паведаміў Генеральны сакратар Асамблеі.

Трохтыднёвая ватыканская нарада, якая пачнецца ўжо 6 кастрычніка 2019 г., пройдзе з удзелам усіх дыяцэзіяльных і дапаможныя біскупаў амазонскіх касцёльных правінцый, а таксама старшынь біскупскіх канферэнцый. Тут будуць прысутнічаць і прадстаўнікі Касцёла з іншых кантынентаў, рэгіянальных і кантынентальных касцёльных органаў, кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі.

3 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане прайшла афіцыйная прэзентацыя Сінода Біскупаў, якую ўзначаліў кардынал Ларэнца Балдзісэры.

Усяго Сінадальных Айцоў будзе 184, з іх 136 – ex officio: 28 кардыналаў, 29 арцыбіскупаў, 62 дыяцэзіяльных і 7 дапаможных біскупаў, 27 апостальскіх вікарыяў і 10 біскупаў-прэлатаў, 21 – удзельнік не-біскуп. Усе яны належаць да 7 біскупскіх канферэнцый: Антыльскіх астравоў, Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Бразіліі, Балівіі, Перу. Рымскую курыю будуць прадстаўляць 13 іерархаў.

Кардынал Балдзісэры заўважыў, што ўніверсальнае вымярэнне Касцёла падкрэсліць удзел у Сінодзе 33 асоб папскага прызначэння – прадстаўнікі рэгіёнаў, дзе існуюць аднолькавыя з Амазоніяй экалагічныя праблемы, напрыклад, басейн ракі Конга.

На Асамблеі будуць прысутнічаць 6 брацкіх дэлегатаў з іншых Цэркваў і супольнасцей амазонскага рэгіёну. Асаблівае значэнне мае прысутнасць 12 спецыяльных гасцей. Для дапамогі будуць задзейнічаны 25 экспертаў і 55 аўдытараў. Агульная колькасць жанчын на Сінодзе – 35.

Прымаючы пад увагу, што адна з тэматычных восей Асамблеі – экалагічная, Генеральны сакратарыят прапанаваў ініцыятывы з мэтай абмежавання забруджвання навакольнага асяроддзя.

Першая тычыцца парадку рэгістрацыі ўдзельнікаў; яна будзе адбывацца праз інтэрнэт. Гэта новая практыка паскорыць сувязь, але, перш за ўсё, дазволіць значна абмежаваць выкарыстанне паперы. Таксама на Сінодзе асаблівая ўвага будзе нададзена абмежаванню выкарыстання пластыка. Напрыклад, посуд будзе выраблены з біяраскладальнага матэрыялу, а партфель для працоўных матэрыялаў – з натуральнага валакна.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2019, 13:05