Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад выказаў падтрымку дзейнасці МАГАТЭ

Апостальская Сталіца падтрымлівае шматлікія ініцыятывы Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы, накіраваныя на супрацоўніцтва паміж краінамі і спрыянне ядзернаму раззбраенню.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, прыняў удзел у 63-й Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, якая праходзіць у Вене.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі высока ацаніў дзейнасць Агенцтва па падтрымцы інтэгральнага чалавечага развіцця праз заахвочванне да супрацоўніцтва ў вывучэнні магчымасцей атамнай энергетыкі і яе выкарыстання ў мірных мэтах.

Арцыбіскуп Галахер зазначыў, што праекты МАГАТЭ ў сферы аховы здароўя, водных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, барацьбы з кліматычнымі зменамі, гарантавання харчовай бяспекі і падтрымкі сельскай гаспадаркі значным чынам садзейнічаюць змяншэнню беднасці, а таксама дапамагаюць краінам дасягнуць сваіх мэт у галіне развіцця ўстойлівым чынам.

Ватыканскі іерарх спаслаўся на энцыкліку Францішка “Laudato si’”, у якой гаворыцца, што прагрэс, тэхнічная і навуковая эвалюцыя, не заўсёды суправаджаліся “чалавечым развіццём у пытаннях адказнасці, каштоўнасцей і сумлення”.

Дыпламат запэўніў у падтрымцы з боку Апостальскай Сталіцы маніторынгу ядзернай праграмы Ірана, якая праводзіцца МАГАТЭ, а таксама намаганняў міжнароднай супольнасці, накіраваных на распачацце перамоў аб ядзернай праграме Паўночнай Карэі, якая “пагражае цэласнасці рэжыму нераспаўсюджання ядзернай зброі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2019, 14:13