Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Чарговы кансісторый: прыхільнасць Пантыфіка да місійнага Касцёла

Чарговы кансісторый, абвешчаны Папам, – гэта працяг распачатай ім лініі на ўключэнне ў Калегію кардыналаў пастыраў місійных Касцёлаў, перакананы галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі.

Новы кансісторый будзе праведзены 5 кастрычніка 2019 г., у вігілію літургіі на распачацце Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, заўважае ватыканіст. Сваё рашэнне Францішак абвясціў 1 верасня 2019 г. Тады ж ён агучыў імёны трынаццаці новых кардыналаў, восем з якіх прыналежаць да місійных манаскіх кангрэгацый.

“Праглядаючы спіс новых пурпуратаў (з якіх дзесяць – ва ўзросце да 80 гадоў, а значыць, з правам голасу на магчымым канклаве, і яшчэ тры – ва ўзросце пасля 80 гадоў), адразу бачна вернасць шляху, які Францішак абраў з самага пачатку свайго пантыфікату: перавагі на карысць людзей Касцёла з так званых перыферыйных дыяцэзій, насуперак логікі і традыцый, якія ўстаяліся”, - аналізуе журналіст.

Пурпурны берэт – сімвал гатоўнасці праліць сваю кроў, а значыць, ахвяраваць жыццё за веру ў Евангелле разам з Біскупам Рыма – атрымаюць тры прэлаты Рымскай Курыі: старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, арцыбіскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, які належыць да Кангрэгацыі Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса; арцыбіскуп Жазэ Таленціна Мэндонса, Бібліятэкар і Архівіст Святога Рымскага Касцёла; кс. Майкл Чэрны, езуіт, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Апошні ўвасабляе адно з найбольш “інавацыйных курыяльных прызначэнняў”, адзначае Тарніелі і нагадвае, што кс. Чэрны, апрача адказнасці за пытанні мігрантаў і бежанцаў, будзе адыгрываць цэнтральную ролю ў якасці спецыяльнага сакратара падчас Сінода па Амазоніі.

З дзесяці новых кардыналаў-выбаршчыкаў двое з’яўляюцца дыяцэзіяльнымі біскупамі ў Еўропе: гэта арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Олерыш, езуіт, які правёў шмат гадоў свайго служэння ў Японіі, і арцыбіскуп італьянскай Балонні Матэа Дзупі. Яшчэ двое – выхадцы з Лацінскай Амерыкі: арцыбіскуп кубінскай Гаваны Хуан де-ла-Карыдад Гарсія Радрыгес і біскуп гватэмальскага Уэўэтэнанго Альвара Рамасіні Імэры. Двое іншых – біскупы з Афрыкі: Фрыдалін Амбонга Бесунгу, капуцын, арцыбіскуп кангалезскай Кіншасы, і Крыстабаль Лопэс Рамэра, салезіянін іспанскага паходжання, арцыбіскуп мараканскага Рабата. Нарэшце, яшчэ адзін пурпурат мае азіяцкія карані: гэта арцыбіскуп Джакарты ў Інданэзіі Ігнацыус Сугарыё Гарджоатмоджо.

Таксама і трое новых пурпуратаў, якія маюць больш за 80 гадоў, пацвярджаюць перспектыву, абраную Францішкам. Акрамя англійскага біскупа Майкла Фіцджэральда, які прысвяціў шмат гадоў працы на ніве міжрэлігійнага дыялогу і службе ў Апостальскай нунцыятуры ў Егіпце, у кардынальскую годнасць будуць узведзеныя арцыбіскуп-эмерыт літоўскага Каўнаса Сігітас Тамкявічус, езуіт, і іерарх з Анголы, біскуп-эмерыт Бэнгэлы Эўджэніа Даль Корса з Кангрэгацыі Бедных Слуг Божага Провіду.

Прызначаны на 5 кастрычніка 2019 г. кансісторый – ужо шосты падчас пантыфікату Францішка. Папярэднія адбыліся 22 лютага 2014 г., 14 лютага 2015 г., 19 лістапада 2016 г., 28 чэрвеня 2017 г. і 28 чэрвеня 2018 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 верасня 2019, 14:51