Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Кардынал Паралін Ілюстрацыйнае фота: Кардынал Паралін 

Кардынал Паралін: Усходнія Касцёлы важныя для экуменізму

На важнае значэнне Усходніх Касцёлаў для экуменічнага дыялогу звярнуў увагу кардынал Пьетра Паралін падчас звароту да ўсходніх каталіцкіх епіскапаў, якія прымалі ўдзел у штогадовай нарадзе ў Рыме.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы звярнуў увагу на тое, што для дыпламатыі Святога Пасаду і экуменічнага шляху ключавымі паняццямі з’яўляюцца “мір”, “прабачэнне”, “надзея”, “прыярытэт асобы”, “абарона чалавечай годнасці”, а супольным метадам – “дыялог”, які прадугледжвае жаданне “сустрэцца на ўзроўні праўды ў любові”.

Неад’емнай для дыпламатыі і экуменізму з’яўляецца таксама цярплівасць. “Існуе вельмі шмат церняў, якія раняць спробы дыялогу, шмат цяжараў на плячах, якія трэба несці, каб дасягнуць трывалых вынікаў”, - сказаў ён. Цярплівасць, якая адначасова з’яўляецца “сведчаннем і пакутамі”, умацоўвае дыялог, дадаў іерарх.

Паводле кардынала Параліна, Усходнія Касцёлы маюць асаблівы патэнцыял у спрыянні дыпламатыі і экуменізму, дзякуючы свайму геаграфічнаму месцазнаходжанню, дзякуючы сваёй гісторыі і дзякуючы сваёй прыродзе, бо знаходзяцца на памежжы, у месцах сустрэчы з Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама мусульманскім светам, заўважыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Сустрэча епіскапаў Усходніх Касцёлаў прайшла ў Рыме па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Італіі. 14 верасня 2019 г. яе ўдзельнікаў прыняў на аўдыенцыі Святы Айцец.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 верасня 2019, 09:48