Папская камісія па абароне непаўналетніх падчас сустрэчы з Папам Папская камісія па абароне непаўналетніх падчас сустрэчы з Папам 

Абаронцы правоў непаўналетніх правялі нараду ў Ватыкане

Папская камісія па абароне непаўналетніх завяршыла сваю чарговую пленарную асамблею, якая праходзіла з 12 па 15 верасня 2019 г. у Рыме. Гаворка ішла пра ўдасканаленне інструментаў нагляду.

Сход, і гэта ўвайшло ў традыцыю, распачаўся з аповеду ахвяры злоўжыванняў. У гэты раз сваім сведчаннем пра пра боль, вылячэнне і прабачэнне падзяліўся бразільскі мужчына.

На чатырохдзённым пасяджэнні абмяркоўвалася эфектыўнасць дзейнасці Папскай камісіі, якая праходзіць у трох рабочых групах: праца з ахвярамі, фармацыя і адукацыя, распрацоўка кіруючых прынцыпаў і нормаў аховы непаўналетніх.

У спецыяльным паведамленні Камісіі па выніках асамблеі гаворыцца, што эксперыментальная праграма па дапамозе ахвярам ажыццяўляецца ўжо на трох кантынентах. Члены Папскай камісіі рэгулярна праводзяць кансультацыі па запрашэнні біскупскіх канферэнцый, асобных дыяцэзій, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, касцёльных рухаў і асацыяцый. Гэта структура Святога Пасаду рыхтуе сустрэчы з экспертамі і буйныя адукацыйныя канферэнцыі.

Трэба нагадаць, што 9 мая 2019 г. быў абнародаваны motu proprio Папы “Vos estis lux mundi” (Вы – святло свету), якім былі зацверджаны працэдуры сігналізавання пра выпадкі сексуальных дамаганняў і насілля ў Касцёле. Дакумент прысвечаны барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі, здзейсненымі святарамі і манаскімі асобамі, а таксама з учынкамі або занядбаннямі біскупаў і вышэйшых настаяцеляў, “накіраванымі на стварэнне перашкоды або ўнікненне” следства па справах злоўжыванняў.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2019, 11:26