Падчас мерапрыемства ў Папскім тэалагічным інстытуце навук аб сужэнстве і сям’і Падчас мерапрыемства ў Папскім тэалагічным інстытуце навук аб сужэнстве і сям’і 

Палеміка вакол абнаўлення Папскага інстытута навук аб сям’і

Мансеньёр Пьеранджэла Сэкуэры, дырэктар Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ, адказаў на крытыку з боку часткі студэнтаў у сувязі са зменамі ў навучальнай установе.

Па яго словах, некаторыя студэнты падтрымалі працэс абнаўлення і пашырэння даследчыцкага поля і фармацыі ў тэалагічна-душпастырскай і культурна-антрапалагічнай сферах. Іншыя выказалі занепакоенасць “верагоднасцю згубіць трывалую фармацыйную базу, якую забяспечваў Інстытут”, і “няпэўнасцю адносна працэсу пераходу” да новых вучэбных прадметаў.

Мансеньёр Сэкуэры патлумачыў, што новаўвядзенні ў спосаб функцыянавання Папскага інстытута з’яўляюцца адказам на вялікае заахвочванне з боку папы Францішка “карыстацца ўсімі неабходнымі інструментамі для ажыццяўлення місіі, якая была даручана ўстанове падчас заснавання Янам Паўлам II, у новым кантэксце, у якім Касцёл пражывае свае сувязі любові ў галіне перадачы чалавечага жыцця і хрысціянскай веры”.

“Палеміка, у пэўнай ступені зламысная, імкнецца залучыць шмат студэнтаў, якія глядзяць з даверам на праект сапраўды каталіцкіх ведаў і навучання, і культывуе іншыя інтарэсы – дакладна не Яна Паўла II, не папы Францішка і не самога Інстытута”, - заўважыў святар.

Дырэктар Інстытута выказаў пажаданне, каб, калі праект завяршыцца і выявіць свой канструктыўны характар, “усе маглі адчуць гонар ад таго, што з’яўляюцца яго часткай”. “Любоў павінна прагнаць страх, адзінства павінна перамагчы над недаверам, а прыгажосць агульнай справы – узяць верх над персанальнымі інтарэсамі”, - выказаў перакананне мансеньёр Сэкуэры.

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму былі зацверджаны новы статут і навучальная праграма Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Новаўвядзенні прадугледжваюць, між іншым, перагляд і пашырэнне выкладчыцкага складу, а таксама стварэнне новых кафедраў, прызначаных для рэалізацыі двух адукацыйных напрамкаў: тэалагічна-душпастырскага і культурна-антрапалагічнага.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 жніўня 2019, 15:38