Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан рэалізуе шматлікія экалагічныя ініцыятывы

Энцыкліка Францішка “Laudato si’” натхніла Губернатарат Дзяржавы Ватыкан на шматлікія экалагічныя ініцыятывы, падкрэсліў біскуп Фернанда Вергес Альсага, генеральны сакратар ведамства.

У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” іерарх падкрэсліў, што першыя экалагічныя праекты былі накіраваны на абмежаванне выкарыстання рэсурсаў і змяншэнне выкідаў вуглякіслага газу.

Для рэалізацыі гэтага на ватыканскіх будынках былі ўсталяваны сонечныя панэлі. Атрыманая энергія ідзе на асвятленне і кандыцыяніраванне паветра ў іх. У многіх памяшканнях былі змешчаны датчыкі, якія аўтаматычна рэгулююць інтэнсіўнасць асвятлення ў залежнасці ад узроўню сонечнага свету, а таксама выключаюць святло пасля завяршэння працоўнага дня. Тэхналагічна састарэлае абсталяванне замяняецца на больш сучаснае і экалагічнае.

Біскуп Альсага падзяліўся, што, напрыклад, новая сістэма асвятлення ў Сікстынскай капэле дазволіла зменшыць колькасць выкарыстанай электраэнергіі на 60%, а ў ватыканскай базыліцы і на каланадзе плошчы св. Пятра – на 70-80%.

Прынцып экалагічнасці, да чаго Папа заклікаў у энцыкліцы “Laudato si’”, рэалізуецца ў розных структурах, і ў прыватнасці ў сельскагаспадарчай дзейнасці на тэрыторыі Папскіх віл у Кастэль-Гандольфа. У Ватыканскіх садах была ўсталявана новая арашальная сістэма, якая дазваляе ашчадна выкарыстоўваць водныя рэсурсы. Вада эканоміцца таксама ў сталоўцы для ватыканскіх супрацоўнікаў, дзе кожны сам бярэ столькі вады, колькі яму трэба, каб пазбегнуць яе марнавання.

З 2014 г. рэалізуецца праграма абмежавання транспартнага руху ў Ватыкане. Пакідаць аўтамабілі на ўнутранай паркоўцы могуць толькі тыя супрацоўнікі, якія пражываюць на адлегласці больш чым двух кіламетраў ад Ватыкану.

Генеральны сакратар Губернатарату паведаміў, што з 2018 г. усталёўваюцца зарадныя станцыі для электракараў, а ватыканскі аўтапарк рэгулярна папаўняецца гібрыднымі і электрычнымі аўтамабілямі. З 2019 г. на ватыканскіх запраўках рэалізуецца больш экалагічнае дызельнае паліва стандарту “Diesel+”, якое дазваляе зменшыць узровень расходу на 4%, а шкодныя выкіды – на 40%.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 жніўня 2019, 14:02