_MTC9744 ok.jpg

Ватыкан: пошукі на Тэўтонскіх могілках не далі выніку

11 ліпеня 2019 г. на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане, у рамках расследавання справы аб знікненні ў 1983 г. Эмануэлы Арландзі, дачкі супрацоўніка Прэфектуры Папскага дому, былі адкрыты дзве магілы.

Адкрыццё праводзілася персаналам Фабрыкі св. Пятра, у той час як даставанне парэшткаў было даручана спецыялісту па крымінальнай антрапалогіі, прафесару Джавані Аркудзі і яго супрацоўнікам, у прысутнасці адваката сям’і Арландзі.

Першай была адкрыта магіла прынцэсы Сафіі фон Гогенлоэ, памерлай у 1836 г., а затым прынцэсы Шарлоты Фрыдэрыкі Мэкленбургскай, памерлай у 1840 г. Абодва месца пахавання аказаліся цалкам пустымі: у нішах не было чалавечых парэшткаў. Родныя прынцэс былі неадкладна паінфармаваны аб гэтым.

Таксама не пацвердзілася гіпотэза аб тым, што ў адной з гэтых магіл можа быць пахавана Эмануэла Арландзі. Падставай для такога меркавання стаў ліст, які атрымала сям’я дзяўчыны, зніклай больш за 35 гадоў таму. У ім было напісана: “Шукайце там, куды паказвае анёл”, а таксама далучаны фотаздымак з надмагільным помнікам у выглядзе анёла з Тэўтонскіх могілак у Ватыкане. Падобныя помнікі былі ўстаноўлены тут над магіламі нямецкіх прынцэс.

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, паведаміў, што зараз пачалося вывучэнне дакументацыі адносна будаўнічых прац на тэрыторыі могілак. Яны праходзілі напрыканцы XІХ cт., а таксама ў 1960-1970 гг. Алесандра Джызоці падкрэсліў, што Святы Пасад заўсёды быў уважлівы да пакут сям’і Арландзі, што прадэманстравала таксама гатоўнасць правесці даследаванне на Тэўтонскіх могілках.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 ліпеня 2019, 13:08