Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане ўзнікне структура для паведамлення пра злоўжыванні

У Ватыкане будзе створана пастаянная, публічная і лёгкадаступная сістэма для паведамлення аб злачынствах і занядбаннях у сферы злоўжыванняў супраць непаўналетніх і ўразлівых дарослых асобаў.

Структура павінна быць сфармавана да канца 2019 г. Аб гэтым Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан, кардынал Анджэла Камастры, у спецыяльным лісце паінфармаваў усіх кіраўнікоў дыкастэрый Рымскай курыі, а таксама душпастыраў, якія здзяйсняюць духоўнае служэнне на тэрыторыі Дзяржавы Ватыкан.

У лісце прадстаўлена працэдура, якой належыць прытрымлівацца для прадстаўлення інфармацыі ці абвінавачвання адносна імаверных злоўжыванняў. Гаворка ідзе пра рэалізацыю распараджэнняў Папы, якія ўвайшлі ў сілу 1 чэрвеня 2019 г. Яны ўтрымліваюцца ў абноўленым ватыканскім заканадаўстве адносна абароны непаўналетніх.

Новая сістэма будзе паступова інтэгравана з мерамі, прынятымі іншымі кампетэнтнымі органамі, у прыватнасці тымі, якія акрэслены ў Пастырскім кіраўніцтве па абароне непаўналетніх асобаў і ўразлівых дарослых асобаў для Вікарыяту Ватыкана, абнародаваных 26 сакавіка 2019 г.

У адпаведнасці з новымі прадпісаннямі, у чэрвені быў прызначаны Рэферэнт у справе абароны непаўналетніх, да якога павінны звяртацца ўсе, хто валодае інфармацыяй або мае падазрэнні пра тое, што непаўналетняй асобе або ўразлівай дарослай асобе пагражае небяспека злоўжыванняў або яна стала іх ахвярай, а таксама аб халатнасці ў гэтай сферы з боку прадстаўнікоў кіраўніцтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 ліпеня 2019, 09:31