Пошук

Тэўтонскія могілкі ў Ватыкане Тэўтонскія могілкі ў Ватыкане 

У Ватыкане даследуюць парэшткі з дзвюх магіл

11 ліпеня 2019 г. на ватыканскіх Тэўтонскіх могілках будуць адкрыты дзве магілы. Чалавечыя парэшткі, якія там знаходзяцца, будуць даследаваны антраполагамі-крыміналістамі.

Працэдура адбудзецца па просьбе сям’і Эмануэлы Арландзі, дачкі супрацоўніка Прэфектуры Папскага дому, якая знікла без вестак у 1983 г. ва ўзросце 15 гадоў. Па меркаванні сваякоў дзяўчыны і іх адваката, парэшткі могуць знаходзіцца ў адной з дзвюх магіл на тэрыторыі старажытных ватыканскіх могілак побач з Тэўтонскім калегіумам. Прамотар справядлівасці Дзяржавы Ватыкан, даў дазвол на іх адкрыццё і правядзенне адпаведнай экспертызы.

Спецыяліст па крымінальнай антрапалогіі, прафесар Джавані Аркудзі, у каментары для Vatican News распавёў пра тое, як будзе праходзіць працэдура. Паводле яго слоў, будзе адкрыта магіла, у якой пахавана прынцэса Сафіі фон Гогенлоэ, памерлая ў 1836 г., а таксама магіла прынцэсы Шарлоты Фрыдэрыкі Мэкленбургскай, памерлай у 1840 г. Паколькі гаворка ідзе пра старадаўнія пахаванні, паводле антраполага, парэшткі будуць знаходзіцца ў стане скелетаў.

Згодна з міжнароднымі нормамі, косці будуць даследаваны з мэтай вызначэння перыяду жыцця пахаваных, вызначэння іх полу, складу цела і іншых марфалагічных асаблівасцей. Па словах эксперта, працэдура можа заняць да пяці гадзін, калі ў магілах будуць знаходзіцца парэшткі толькі тых людзей, імёны якіх пазначаны на надмагільным помніку. Калі ж будуць знойдзены косці іншых асобаў, аналіз зойме больш часу. У гэтым выпадку будзе праводзіцца таксама адонтастаматалагічнае даследаванне.

Для таго, каб выключыць гіпотэзу, прадстаўленую сваякамі Эмануэлы Арландзі, у любым выпадку, незалежна ад вынікаў марфалагічнага аналізу скелетаў, будзе зроблены аналіз ДНК – магчыма нават не адзін, для чаго можа спатрэбіцца да двух месяцаў.

Просьба аб адкрыцці магіл, тлумачыцца тым, што сям’я Арландзі атрымала ліст, у якім гаварылася: “Шукайце там, куды паказвае анёл”. Да яго быў далучаны фотаздымак надмагільнага помніку ў выглядзе анёла, усталяваны над месцам пахавання дзвюх нямецкіх прынцэс на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане. Варта заўважыць, што на працягу апошніх гадоў паступалі шматлікія паведамленні такога роду з гіпотэзамі аб месцазнаходжанні цела дзяўчыны, аднак ніводная ў іх не пацвердзілася.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 ліпеня 2019, 11:59