Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад запрашае да рэфлексіі над “Evangelii Gaudium”

Папская рада па новай евангелізацыі арганізуе ў Ватыкане міжнародную сустрэчу, прысвечаную Апостальскай адгартацыі Францішка “Evangelii Gaudium”.

Канферэнцыя будзе праходзіць з 28 па 30 лістапада 2019 г. у Зале Паўла VI. Запрашаючы на яе, старшыня ватыканскай дыкастэрыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, заўважыў, што форум, прысвечаны дакументу Папы аб евангелізацыі, пройдзе ў Ватыкане ўжо ў другі раз. Першы адбыўся дакладна пяць гадоў таму.

Мэтай падзеі з’яўляецца рэфлексія над першай Апостальскай адгартацыяй Францішка і пройдзеным з яе выдання шляху. “У той жа час мы прагнем паразважаць пра перспектывы на будучыню. Мы перакананы, што такая рэфлексія з’яўляецца вельмі актуальнай і можа натхніць да плённай душпастырскай працы ва ўсім Касцёл”, - зазначыў арцыбіскуп Фізікела.

Прыняць удзел у форуме запрашаюцца біскупы, святары, семінарысты, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, якія ў рамках нацыянальных епіскапатаў, а таксама на ўзроўні дыяцэзій адказныя за евангелізацыю, задзейнічаныя ў душпастырскай дзейнасці або проста цікавяцца ўзгаданай тэмай.

Кульмінацыйным момантам канферэнцыі стане сустрэча яе ўдзельнікаў са Святым Айцом Францішкам.

Рэгістрацыя праводзіцца на сайце Папскай рады па новай евангелізацыі www.pcpne.va. Тут жа можна пазнаёміцца з праграмай форума, даступнай на італьянскай, англійскай, іспанскай, партугальскай, французскай, польскай і нямецкай мовах.

Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium” была абнародавана на заканчэнне Года веры, 24 лістапада 2013 г. Яна з’яўляецца плёнам Сінода Біскупаў аб новай евангелізацыі, які праходзіў у Ватыкане з 7 па 28 кастрычніка 2012 г.

Сярод тэмаў дакумента: місійная трансфармацыя Касцёла, выклікі сучаснага свету, спакусы працаўнікоў пастырства, пакліканне да абвяшчэння Евангелля, грамадскі характар евангелізацыі, патрабаванні да евангелізатараў.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 ліпеня 2019, 11:15