Святы Пасад: турызм павінен служыць цэласнаму развіццю чалавека
Дакумент прымеркаваны да Сусветнага дня турызму, які пройдзе 27 верасня пад дэвізам: “Турызм і праца: лепшая будучыня для ўсіх”. У ім звяртаецца ўвага на шматлікія парушэнні, “укаранёныя і распаўсюджаныя”, якія тычацца працы ў турыстычным сектары.
Святы Пасад заклікае няспынна прыкладаць намаганні, каб “забяспечыць ўсім годную, справядлівую, свабодную працу, пабудаваную вакол асобы і яе першаснай патрэбы ў цэласным развіцці”, бо толькі такім чынам магчыма дасягнуць “жаданых мэтаў міру, бяспекі, развіцця і сацыяльнай інклюзіўнасці”.
У пасланні прыводзяцца словы св. Ян Паўла ІІ з паслання на Сусветны дзень турызму 2003 г., які сцвярджаў, што турызм – гэта “асаблівае вымярэнне сацыяльнага жыцця, злучанае з цэласным развіццём асобы, якому павінен служыць”.
“Сёння існуе нямала праблем, звязаных з выкананнем працы ў турыстычным сектары”, - падкрэсліваецца ў дакуменце. Заўважаецца, што многія людзі працуюць ва ўмовах нестабільнасці, а часам нават незаконнасці, атрымліваюць неналежны заробак, вымушаны выконваць цяжкую працу, быць у далечыні ад сям’і, маюць высокую рызыку стрэсу і падпарадкаваны правілам агрэсіўнай канкурэнцыі.
Ватыканскі дакумент звяртае ўвагу на працоўную эксплуатацыю ў бедных краінах, якія наведвае шмат турыстаў, але мясцовае насельніцтва якіх рэдка атрымлівае ад гэтага карысць.
“Непрымальнымі з’яўляюцца таксама гвалтоўныя дзеянні супраць народаў, якія прымаюць турыстаў, абраза іх культурнай тоеснасці, і іншыя дзеянні, што выклікаюць заняпад і жорсткую эксплуатацыю навакольнага асяроддзя”, - падкрэсліваецца ў пасланні. Заўважаецца, што магчымасці, звязаныя з турыстычным сектарам, павінны быць “значнымі, як з пункту гледжання занятасці, так і чалавечага, сацыяльнага і культурнага развіцця”, асабліва для моладзі.
Апостальская Сталіца звяртае ўвагу на тое, што “вымярэнне сустрэчы” – гэта адна з важнейшых асаблівых рысаў турызму. Турызм павінен дапамагаць адмовіцца ад прадузятасцей і стэрэатыпаў, і пачаць будаваць адносіны на аснове сяброўства.
Неабходна спрыяць працы, якая ставіць у цэнтр годнасць чалавека, якая становіцца прыладай цэласнага развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавека, якая спрыяе развіццю асобных супольнасцей, з павагай да іх асаблівасцей, якая садзейнічае стварэнню сяброўскіх адносін і братэрства паміж людзьмі і народамі, падкрэсліваецца ў пасланні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Паводле Сусветнай арганізацыі турызму, з кожных адзінаццаці працоўных месцаў, прынамсі адно – прамым ці ўскосным чынам – звязана з турызмам. Пастаяннае распаўсюджванне гэтай з’явы, якая ахоплівае мільёны людзей, мае вялізарны ўплыў на сацыяльную, эканамічную і культурную сферу. Калі ў 1950 г. колькасць міжнародных турыстаў складала крыху больш за 25 мільёнаў чалавек, у бліжэйшае дзесяцігоддзе яна можа дасягнуць 2 мільярдаў.