Cerca

Vatican News

Святы Пасад і Расія будуць супрацоўнічаць у сферы аховы здароўя

Супрацоўніцтва паміж ватыканскім педыятрычным шпіталём “Bambino Gesu” і Міністэрствам аховы здароўя Расійскай Федэрацыі было замацавана Мемарандумам аб узаемаразуменні.

Дамова была заключана 4 ліпеня 2019 г. у Рыме. З ватыканскага боку яе падпісаў асэсар па агульных справах Дзяржсакратарыяту, мансеньёр Паола Борджа, з расійскага – Міністр аховы здароўя, Вераніка Скварцова.

Пагадненне накіравана на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і навуковых даследаванняў. Яно прадугледжвае распрацоўку праектаў з удзелам шпіталя “Bambino Gesu” і медыцынскіх устаноў Расійскай Федэрацыі, абмен вопытам у галіне аказання медыцынскай дапамогі.

З нагоды заключэння дамовы прадстаўнічая расійская дэлегацыя наведала даследчыя лабараторыі шпіталя “Bambino Gesu” у суправаджэнні яго дырэктара Марыэлы Энак.

Падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя стала часткай мерапрыемстваў з нагоды візіту ў Рым Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, якога прыняў на аўдыенцыі папа Францішак.

Рэпартаж з падпісання Мемарандума аб узаемаразуменні
Навіна ў фармаце аўдыё
05 ліпеня 2019, 08:21