Пошук

Vatican News
Баявыя дзеянні ў ваколіцах Ідліба. Ілюстрацыйнае фота Баявыя дзеянні ў ваколіцах Ідліба. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак заклікае спыніць гуманітарную катастрофу ў Сірыі

Гуманітарная сітуацыя ў Сірыі, асабліва ў правінцыі Ідліб, падштурхнула Папу напісаць ліст да Башара Асада, заўважыў у каментары для Vatican News кардынал Пьетра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці патлумачыў, што ў правінцыі Ідліб пражывае каля 3 мільёнаў чалавек, з якіх 1,3 мільёны з’яўляюцца ўнутранымі бежанцамі, што знайшлі прытулак на тэрыторыі, абвешчанай у мінулым годзе дэмілітарызаванай зонай. Ваенныя дзеянні, якія тут разгарнуліся, пагоршылі і без таго цяжкія ўмовы жыцця гэтых людзей, у першую чаргу дзяцей.

“[На жаль вайна працягваецца. Яна не спынілася, працягваюцца бамбардаванні, у гэтай зоне былі разбураны шматлікія медыцынскія структуры, у той час як многія іншыя былі вымушаны, цалкам альбо часткова, спыніць сваю дзейнасць]”

, - звярнуў увагу кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Паводле кардынала Параліна, у сваім лісце Францішак заклікаў Башара Асада абараніць мірнае насельніцтва і захаваць такія важныя аб’екты інфраструктуры, як школы, шпіталі, медпункты.

“[Тое што адбываецца – па-сапраўднаму нечалавечае і непрымальнае. Святы Айцец просіць Прэзідэнта зрабіць усё магчымае, каб спыніць гэту гуманітарную катастрофу, абараніць бяззбройнае насельніцтва, асабліва самых слабых, з павагай да міжнароднага гуманітарнага права]”

, - дадаў бліжэйны супрацоўнік Святога Айца.

Кардынал Дзяржсакратар, падкрэсліў што ліст Францішка носіць не палітычны характар, а гуманітарны. Пантыфік працягвае маліцца, “каб у Сірыю змагла вярнуцца атмасфера братэрства, а прымірэнне ўзяло верх над падзеламі і нянавісцю”. У сваім лісце ён тройчы выкарыстоўвае слова “прымірэнне”, падзяліўся іерарх.

Папа таксама заахвочвае Башара Асада зрабіць канкрэтныя жэсты на дзеля прымірэння: стварыць умовы для бяспечнага вяртання ўнутраных бежанцаў і ўсіх, хто хоча вярнуцца ў краіну, пасля таго, як быў вымушаны яе пакінуць; выпусціць зняволеных; даць доступ сем’ям да інфармацыі пра іх блізкіх, расказаў кардынал Паралін.

Францішак занепакоены таксама лёсам палітычных вязняў. Дзяржсакратар спаслаўся на даклад арганізацыі “Independent International Commission of Inquiry on the Syrian Arab Republic” за 2018 г., у якім гаворыцца пра дзесяткі тысяч людзей, якія незаконна зняволены.

“[Часам яны знаходзяцца ў неафіцыйных і невядомых турмах, падвяргаюцца катаванням, не маюць юрыдычнай дапамогі і кантакту са сваімі сем’ямі. Даклад паказвае, што многія з іх, на жаль, паміраюць у турме, а над іншымі праходзяць хуткія судовыя працэсы]”

, - сказаў іерарх.

Дзяржсакратар зазначыў, што Апостальская Сталіца заўсёды настойвала на пошуку палітычнага рашэння, якое зможа пакласці канец канфлікту. Яго трэба шукаць дзякуючы дыпламатыі, дыялогу, перамовам, з дапамогай міжнароднай супольнасці.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што вайна заўсёды выклікае вайну, а насілле выклікае насілле, аб чым кажа Святы Айцец у сваім лісце. Іерарх выказаў занепакоенасць спыненнем перамоўнага працэсу і падкрэсліў, што Папа заклікае Асада прыкласці намаганні для пошуку мірнага рашэння, каб спыніць доўгі канфлікт, які прывёў да гібелі вялікай колькасці нявінных людзей.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 ліпеня 2019, 11:36