Cerca

Vatican News
Хор Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Ілюстрацыйнае фота Хор Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак прыняў адстаўку кіраўніка Папскай музычнай капэлы

Мансеньёр Масіма Паламбэла завяршыў служэнне ў якасці кіраўніка Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Папа прыняў яго просьбу аб адстаўцы, паведаміла 10 ліпеня 2019 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Рашэнне было прынята пасля дасягнення ўзаемнай згоды паміж кангрэгацыяй Салезіянаў кс. Боска, да якой належыць мансеньёр Паламбэла, і Службай папскіх літургічных цэлебрацый. Былы кіраўнік папскага хору знаходзіцца ў распараджэнні сваёй манаскай супольнасці, у чаканні новага служэння, якое яму будзе даручана.

На пасаду кіраўніка капэлы часова быў прызначаны мансеньёр Маркас Паван, кіраўнік хору хлопцаў “Pueri Cantores”, які ўваходзіць у склад Папскай музычнай Сікстынскай капэлы.

52-гадовы мансеньёр Масіма Паламбэла быў прызначаны кіраўніком Папскай музычнай Сікстынскай капэлы 16 кастрычніка 2010 г. 17 лістапада 2015 г. Францішак пацвердзіў яго на гэтай пасадзе на чарговы пяцігадовы тэрмін.

Згодна з адмысловым Апостальскім лістом у форме “motu proprio” ад 17 студзеня 2019 г. Пантыфік уключыў Папскую музычную Сікстынскую капэлу ў структуру Службы папскіх літургічных цэлебрацыі, якую ўзначальвае арцыбіскуп Гвіда Марыі. Мансеньёр Паламбэла заставаўся мастацкім кіраўніком і дырыжорам калектыва.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 ліпеня 2019, 13:12