Пошук

Vatican News
Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін  (ANSA)

Кардынал Дзяржсакратар да педыятраў: заўсёды бараніць жыццё

Існуюць невылечныя хваробы, але не існуе хвароб, носьбіты якіх не патрабуюць клопату, падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін падчас прэзентацыі справаздачы педыятрычнай клінікі “Bambino Gesù” за 2018 г.

Дзяржсакратар нагадаў словы Францішка, які ў пасланні, прымеркаваным да 150-годдзя ватыканскага дзіцячага шпіталя, падкрэсліваў, што “той, хто клапоціцца пра найменшых, стаіць на баку Бога і перамагае культуру адчужэння”.

“Важна, каб гэта прагненне дасягнення высокіх вынікаў ніколі не гасла. Ніколі нельга забываць, што каштоўнасць дасягнутага поспеху вымяраецца здольнасцю паляпшаць якасць лячэння і аказання дапамогі. Дзеці, падлеткі і іх сем’і ёсць і павінны застацца ў цэнтры кожнай дзейнасці, кожнага працэсу і кожнай ініцыятывы”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Паралін заклікаў ватыканскіх педыятраў сцерагчыся спакусы падзелаў і суперніцтва, а таксама выконваць свае абавязкі “свядома і пакорна”.

Іерарх зазначыў, што належнае і дбайнае кіраўніцтва структурай можа паспрыяць павелічэнню інвестыцый. У сувязі з гэтым ён прыгадаў пра намаганні, якія прыкладаюцца дзеля стварэння Інстытуту раку і транспланталогіі, а таксама праект педыятрычнага хоспісу, “як ніколі актуальнага сёння, пасля смерці Вэнсана Ламбэра, якая абудзіла ў нас успамін пра дзяцей, Алфі Эванса і Чарлі Гарда”.

“Мы абавязаны сцвердзіць, што існуюць невылечныя хваробы, але не існуе хвароб, носьбіты якіх не патрабуюць клопату. Лячыць значыць не толькі вылечыць, але таксама суправаджаць і ахоўваць”, - сказаў кардынал Паралін. Ён прыгадаў таксама словы Папы пра тое, што “Бог – адзіны гаспадар жыцця ад пачатку да натуральнага заканчэння, а наш абавязак – бараніць яго заўсёды”.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 ліпеня 2019, 10:24