Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: кіраўнікі касцёльных рухаў размаўлялі аб абароне дзяцей

“Прадухіленне сексуальных злоўжыванняў: абавязак касцёльных асацыяцый і рухаў” – форум пад такой назвай прайшоў па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

У саміце прынялі ўдзел каля сотні мадэратараў і кіраўнікоў касцёльных асацыяцый і рухаў, найбольш распаўсюджаных у свеце, гаворыцца ў паведамленні, якое 24 чэрвеня 2019 г. было апублікавана на сайце ватыканскага ведамства.

Праца канферэнцыі пачалася з прамовы кардынала Кэвіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі, які нагадаў прысутным пра важнасць і неадкладнасць намаганняў, да якіх Папа заклікае ўвесь Божы народ, “гледзячы ў твар вельмі цяжкай доўга схаванай рэчаіснасці”. Неабходна адпаведнае “ачышчэнне” і гатоўнасць да прадухілення падобных злачынстваў у будучыні, падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Праблема злоўжыванняў павінна вырашацца сумленна. “Да нядаўняга часу яна лічылася табу і яшчэ сёння з’яўляецца такой для многіх, для многіх католікаў, для многіх людзей Касцёла”, - звярнуў увагу кардынал Фарэл. Паводле яго, доўгае замоўчванне тэмы павялічвала пакуты ахвяр і несправядлівасць у адносінах да іх.

“Такім чынам існавала двайное злоўжыванне: да спазнанага насілля дадавалася маўчанне, якое непазбежна вяло да саўдзелу ў злачынствах і дазволіла ім бесперашкодна памнажацца”, - сказаў прэфект. Ён зазначыў, што статыстычныя дадзеныя адносна злоўжыванняў не могуць перадаць усёй трагічнасці сітуацыі і з’яўляюцца толькі “вяршыняй айсбергу”.

Кардынал нагадаў, што за лічбамі заўсёды стаяць канкрэтныя людзі: ахвяры і злачынцы, “якія маюць імя, прозвішча, аблічча, асабістую, сямейную, грамадскую і касцёльную гісторыю, раны, адбітак якіх носяць у галаве, сэрцы, на целе”.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў касцёльных асацыяцый і рухаў, іерарх заклікаў да “ачышчэння адносін” унутры супольнасцей, а таксама з адрасатамі іх евангелізацыйнай дзейнасці. Неабходна ўстанавіць “здаровыя адносіны ў здаровым асяроддзі, дзе будзе цяжка ўзнікнуць дамінаванню, знявольванню, залежнасці, парушэнню свабоды, насіллю ў адносінах да сумлення, злоўжыванню ўладай, сексуальным злоўжыванням”. Для гэтага патрэбна належная чалавечая, маральная, інтэлектуальная і духоўная фармацыя, падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 чэрвеня 2019, 14:30