Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Ізраіля Рэўвэнам Рыўліным Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Ізраіля Рэўвэнам Рыўліным  (ANSA)

Святы Пасад і Ізраіль: 25 гадоў дыпламатычных адносін

Стасункі паміж Святым Пасадам і Ізраілем носяць асаблівы характар, які вынікае з сувязей паміж юдэямі і хрысціянамі, і з унікальнага характару Святой Зямлі, святой для юдэяў, хрысціян і мусульман.

Гэты факт падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН, выступаючы на канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю ватыканска-ізраільскіх дыпламатычных пагадненняў. Мерапрыемства прайшло 19 чэрвеня 2019 г. у Фордхэмскім універсітэце ў Нью-Ёрку.

Ад імя Святога Пасаду арцыбіскуп Ауса выказаў удзячнасць Ізраілю за яго адданасць справе забеспячэння Каталіцкаму Касцёлу свабоды ажыццяўляць сваю місію і тым самым рабіць свой унёсак у ізраільскае грамадства праз свае парафіі, медыцынскія і сацыяльныя ўстановы і асабліва праз адкрыццё і падтрыманне школ і інстытутаў, у якіх адукацыя ажыццяўляецца ў духу дыялогу, узаемапавагі, міру і справядлівасці.

Ватыканскі дыпламат падзякаваў Дзяржаве Ізраіль за падтрыманне статусу-кво святых хрысціянскіх месцаў, за павагу і абарону каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, за спрыянне арганізацыі пілігрымак у Святую Зямлю.

У той жа час, асаблівы характар адносін паміж дзвюма дзяржавамі патрабуе сумесных намаганняў па абароне чалавечай годнасці і жыцця, пашырэнні права на свабоду веравызнання і выкараненні ўсіх форм рэлігійнай нецярпімасці. У гэтым кантэксце арцыбіскуп Ауса падкрэсліў вялікую працу, якую Святы Пасад і Ізраіль здзейснілі за гэтыя 25 гадоў у кірунку барацьбы з антысемітызмам і хрысціянафобіяй.

“Гэта быў час паглыблення ўзаемаразумення, даверу, сяброўства і супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Ізраілем, што стала больш трывалым пасля выклікаў, якія суправаджалі гэтыя дваццаць пяць гадоў прагрэсу ў адносінах паміж Ізраілем і Святым Пасадам”, - заключыў іерарх.

Апостальская нунцыятура ў Ізраілі і Пасольства Ізраіля пры Святым Пасадзе былі афіцыйна зацверджаны 19 студзеня 1994 г. і адкрыты 15 чэрвеня 1994 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 чэрвеня 2019, 12:03