Падчас пасяджэння Рады кардыналаў Падчас пасяджэння Рады кардыналаў 

Рада кардыналаў пры Пантыфіку сабралася на сваё 30-е пасяджэнне

25 чэрвеня 2019 г. у Ватыкане пачалося 30-е пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Яно працягнецца да чацвярга. Узначаліць кардынальскі сход папа Францішак.

Цэнтральнай тэмай стане новая Апостальская канстытуцыя аб Рымскай курыі, папярэдняя назва якой – “Praedicate evangelium”. Праект тэксту, зацверджаны Радай кардыналаў, быў адпраўлены нацыянальным біскупскім канферэнцыям, сінодам Усходніх Цэркваў, дэпартаментам Рымскай курыі, канферэнцыям вышэйшых манаскіх настаяцеляў і некаторым папскім універсітэтам. Усе яны дашлюць у Ватыкан свае каментарыі і прапановы.

Важны папскі дакумент заменіць сабой дзеючую Апостальскую канстытуцыю “Pastor Bonus” св. Яна Паўла ІІ, якая ўступіла ў сілу 28 чэрвеня 1988 г. і складаецца з 193 артыкулаў і 2 анэксаў. У яе ўносіліся змены: тройчы гэта рабіў Бэнэдыкт XVI і аднойчы – Францішак.

Пасяджэнне Рады кардыналаў
Пасяджэнне Рады кардыналаў

Папярэдняя, 29-я сустрэча папскіх дарадчыкаў праходзіла ў Ватыкане 8-10 красавіка 2019 г. Падчас яе падкрэслівалася, што Рымская курыя, у святле новай Апостальскай канстытуцыі, павінна быць больш місійнай. Гаворка ішла пра важнасць умацавання сінадальнасці на ўсіх узроўнях Касцёла і пашырэння прысутнасці жанчын на кіраўнічых пасадах ва ўстановах Святога Пасаду. Адзначалася, што Рада кардыналаў – гэта структура, мэта якой заключаецца ў дапамозе Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам, таму яе праца не будзе спынена пасля абнародавання новай Канстытуцыі.

У цяперашні склад Рады кардыналаў уваходзяць: 76-гадовы Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, 76-гадовы Джузэпэ Бэртэла з Ватыкана, 74-гадовы Освальд Грасіас з Індыі, 65-гадовы Райнхард Маркс з Германіі, 74-гадовы Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША, а таксама 64-гадовы кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Сакратарамі з’яўляюцца: 71-гадовы біскуп Марчэла Сэмерара і 52-гадовы біскуп Марка Мэліна.

З працы гэтага дарадчага органу пры Пантыфіку раней былі выключаны кардыналы: Джордж Пэл з Аўстраліі, Франсіска Хаўер Эрасурыс Оса з Чылі і Ларан Мансэнгва Пасінья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 чэрвеня 2019, 12:08