Пошук

Кардынал Джузэпэ Версальдзі Кардынал Джузэпэ Версальдзі 

Кардынал-прэфект: існуе патрэба ў дыялогу аб гендары

У пытанні гендару трэба шукаць шляхі дыялогу, адштурхоўваючыся ад уласнай тоеснасці, падкрэсліў кардынал Джузэпэ Версальдзі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.

У інтэрв’ю Vatican News іерарх пракаментаваў новы дакумент Святога Пасаду: “Стварыў мужчыну і жанчыну: Шляхам дыялогу адносна гендарнага пытання ў адукацыі”. 10 чэрвеня 2019 г. ён быў абнародаваны ў Ватыкане.

“У пытанні гендару мы павінны знайсці шляхі дыялогу, не зыходзячы да слоганаў і экстрэмізму. Але мы павінны рабіць гэта, абапіраючыся на нашу тоеснасць і перакладаючы на рацыянальныя аргументы святло, якое ідзе ад веры...”, - заўважыў ватыканскі іерарх.

Кардынал Версальдзі падкрэсліў, што ватыканскі дакумент з’яўляецца не дактрынальным, а метадалагічным. Яго мэта: навучыць маладое пакаленне разбірацца ў пытаннях гендару, бо, паводле іерарха, у гэтай сферы існуе шмат блытаніны. “Існуе рызыка навязвання ў школах адзінага меркавання ў якасці навуковага, і гэтага мы не можам прыняць. У той жа час, мы павінны ўмець весці дыялог, абнаўляцца, цаніць тое добрае, што паказалі гендарныя даследаванні”, - лічыць ён.

Кардынал прызнаўся, што стымулам для падрыхтоўкі дакумента стала знаёмства з сітуацыяй у адукацыйных сістэмах розных краін. “Распаўсюджваецца гендарная ідэалогія, а вучэнне Касцёла ганьбіцца як рэтраграднае”, - заўважыў ён.

На думку прэфекта, існуе тэрміновая патрэба ў дыялогу, які будзе грунтавацца на рацыянальнай аснове, напрыклад, на прыродных палавых адрозненнях мужчыны і жанчыны.

“У першую чаргу, мы павінны адрозніваць гендарную ідэалогію, якая прапануецца як навуковая і распаўсюджваецца нават у школах, ад гендарных даследаванняў”, - сказаў іерарх. Ён заўважыў, што для Касцёла непрымальнай з’яўляецца менавіта ідэалогія, у той час, як у гендарных даследаваннях існуюць “пункты сустрэчы”: гэта прызнанне роўнай годнасці мужчыны і мужчыны, навучанне дзяцей і моладзі паважліваму стаўленню да людзей, якія маюць адметнасці, змаганне з рознымі формамі цкавання і дыскрымінацыі.

Паводле кардынала Версальдзі, “віды гендарнай тэорыі, асабліва самыя радыкальныя”, аддаляюць ад натуральнага стану рэчаў і ператвараюць палавую тоеснасць і, як наступства, сям’ю, у нешта “вадкае”, заснаванае на “імгненным жаданні, а не на прыроднай дадзенасці і праўдзе аб ёй”. “Існуе жаданне знішчыць палавыя адметнасці, робячы іх малаважнымі для развіцця асобы”, - зазначыў з занепакоенасцю прэфект.

Прапануючы дыялог на падставе рацыянальных аргументаў, Святы Пасад выказвае павагу да іншых меркаванняў, але просіць таксама, каб паважалася і яго пазіцыя. “Гэта не мы выбіраем навучэнцаў для каталіцкіх школ і ўніверсітэтаў. Сем’і і студэнты самі выбіраюць іх, ведаючы, што яны з’яўляюцца каталіцкімі. Мы не можам адмовіцца ад нашай тоеснасці, падпарадкаваўшыся адзінаму меркаванню, якое прагне адмяніць палавыя адметнасці, зводзячы іх выключна да факту, звязанага з культурнымі і сацыяльнымі абставінамі”, - пракаментаваў кардынал.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 чэрвеня 2019, 14:51