Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад да будыстаў: разам бараніць годнасць жанчын

Тэрмінова неабходна бараніць жанчын, іх фундаментальныя правы і свабоды, гаворыцца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу да будыстаў усяго свету.

Ліст быў абнародаваны 11 мая 2019 г. з нагоды найважнейшага свята будыстаў – Весак. Яно звязана з нараджэннем, прасвятленнем і смерцю Гаутамы Буды. Адзначаецца свята ў дзень майскай поўні.

У ватыканскім пасланні заўважаецца, што хрысціянства і будызм вучаць аб роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі. Будысцкія і хрысціянскія жанчыны зрабілі важны ўклад у развіццё абедзвюх традыцый і грамадстваў у цэлым. “З іншага боку, нельга адмаўляць, што вельмі часта жанчыны становяцца аб’ектам дыскрымінацыі і злоўжыванняў. Часам, рэлігійны наратыў прадстаўляе жанчын, як ніжэйшых за мужчын”, - заўважаецца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што насілле супраць жанчын і дзяўчат з’яўляецца глабальнай праблемай, ад якой пакутуе трэцяя частка жаночага насельніцтва планеты. Гэтай з’яве садзейнічаюць канфлікты, вымушаная міграцыя, гандаль людзьмі, сучаснае рабства.

Для яе пераадолення неабходна забяспечыць дзяўчынам і жанчынам доступ да адукацыі, гарантаваць роўную з мужчынамі аплату працы, спадчынныя правы і правы на ўласнасць, спрыяць удзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці, міжрэлігійным дыялогу, бараніць ад сексуальнага гвалту і традыцый, якія прыніжаюць жаночую годнасць.

У той жа час звяртаецца ўвага на небяспеку гендарнай ідэалогіі, якія адмаўляе адметнасці і ўзаемадапаўняльнасць паміж мужчынамі і жанчынамі. “Спрыяючы годнасці і роўнасці жанчын і дзяўчат, мы прагнем падтрымліваць і бараніць інстытут сужэнства, мацярынства і сямейнае жыццё”, - гаворыцца ў лісце.

“Дарагія сябры будысты, прыкладзём усе намаганні, каб дапамагчы росту ў нашых сем’ях, грамадствах, структурах абноўленай павазе да цэнтральнай ролі жанчын у нашым свеце і будзем працаваць на карысць канчатковага пераадолення ўсіх форм несправядлівай дыскрымінацыі супраць чалавечай асобы”, - гаворыцца на заканчэнне паслання.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 мая 2019, 14:33