Кардынал Паралін з Прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Паралін з Прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі Дзяржсакратар: Еўропа, вера і трансцэндэнцыя

Хрысціяне сёння праследуюцца ў многіх частках свету, - звярнуў увагу ватыканскі Дзяржсакратар падчас IV Фестывалю рэлігіі, які 26-28 красавіка 2019 г. праходзіў у італьянскай Фларэнцыі.

Мэтай форума з’яўляецца абмен ідэямі аб рэлігіі і яе ўплыву на грамадства. У ім таксама ўдзельнічаў Гарэгін II, Каталікос усіх армян.

Кардынал Пьетра Паралін адзначыў, што магчыма і неабходна супрацоўніцтва розных рэлігій у імя агульнага дабра. Цяжкасці ўзнікаюць тады, калі на першы план выходзяць розныя формы фундаменталізму, якія ўяўляюць сабой фіяска веры і паразу рэлігіі. Іерарх падкрэсліў, што асновай еўрапейскага крызісу з’яўляецца страта рэлігійнага пачуцця і спасылкі на Бога. Каштоўнасці, якія ляжаць у аснове еўрапейскай ідэнтычнасці, вынікаюць з хрысціянства, і калі Бога выключаюць з еўрапейскай прасторы, яны таксама знікаюць.

“Я б сказаў, што ў сучасным грамадстве вера патрэбна яшчэ больш, чым калі-небудзь, таму што існуе рызыка таго, што чалавек страціць сябе. (...) Калі трансцэндэнцыю зачыняюць, з’яўляецца рызыка таго, што чалавек разгубіцца і прайграе сваё жыццё. З розных бакоў прыходзіць шмат трывожных сігналаў. Вера нясе збаўленне, яна ратуе чалавека ў яго інтэгральным вымярэнні”, - падкрэсліў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 красавіка 2019, 13:52