Папа падчас набажэнства Вялікай Пятніцы Папа падчас набажэнства Вялікай Пятніцы 

Папскі прапаведнік: Вялікдзень – свята ўбогіх і прыгнечаных

Бедныя, ізаляваныя, прыгнечаныя рознымі формамі нявольніцтва, якое яшчэ існуе ў нашым грамадстве: Вялікдзень – гэта вашае свята! Такі заклік прагучаў падчас набажэнства Мукі Пана ў Ватыкане.

Літургію Вялікай пятніцы 19 красавіка 2019 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ўзначаліў папа Францішак. Гамілію прамовіў прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса.

Італьянскі капуцын нагадаў урывак з Кнігі прарока Ісаі, якім распачалася Літургія слова: “Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто” (Іс 53, 3), і запрасіў прысутных на набажэнстве ў гэты вечар “сузіраць Хрыста менавіта ў такой якасці: як вобраз і прадстаўніка ўсіх адрынутых, абяздоленых і адчужаных зямлі, тых, перад якімі адварочваюць твар у другі бок, каб не бачыць”.

Айцец Канталамеса заўважыў, што Езус зведаў такі стан нашмат раней за дзень сваёй Мукі і Смерці. Такім было ўсё Яго зямное жыццё: пачынаючы ад нараджэння ў стайні ў беднай сям’і і потым, падчас публічнай дзейнасці, калі заставаўся бяздомным, бо не меў “дзе схіліць галаву” (Мц 8, 20).

Прапаведнік падкрэсліў, што словы Пілата: “Вось чалавек!”, звернутыя да змучанага і зняважанага Божага Сына, можна аднесці да бясконцага шэрагу прыгнечаных, зведзеных да рэчаў, пазбаўленых чалавечай годнасці мужчын і жанчын сучаснасці. Аднак значна больш глыбокім, па словах айца Канталамесы, з’яўляецца не сацыяльнае, але духоўнае значэнне Мукі і Смерці Езуса Хрыста.

“[Гэтая смерць вызваліла свет з граху, занесла Божую любоў у найбольш аддаленае і цёмнае месца, у якое, уцякаючы ад Бога, забралася чалавецтва, – у смерць. (...) Усе, веруючыя і няверуючыя, могуць вызнаць і прыняць гэта]”

, - сказаў ён.

Папскі прапаведнік адзначыў, што ўваскрасенне Езуса ўчыніла “татальны пераварот”: “пераможаны стаў пераможцам, асуджаны – суддзёю, камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся галавою вугла” (пар. Дз 4, 11).

“Апошняе слова не засталося і ніколі не застанецца за несправядлівасцю і прыгнётам. Езус не толькі вярнуў годнасць абяздоленым гэтага свету; Ён даў ім надзею! (...) Гэта свята перавароту, распрацаванага Богам і здзейсненага Хрыстом; гэта пачатак і будучыня адзінага цалкам справядлівага і неабарачальнага перавароту ў лёсе чалавецтва. Бедныя, ізаляваныя, прыналежныя да розных форм нявольніцтва, якое яшчэ існуе ў нашым грамадстве: Вялікдзень – гэта вашае свята!” - запэўніў капуцын.

Пры гэтым ён дадаў, што і тым, хто застаецца на іншым баку – магутным, моцным, якія адчуваюць сябе спакойна ў ролі “пераможцаў”, – крыж нясе пасланне: “пасланне любові і збаўлення”.

“Ён [крыж] нагадвае ім, што ў рэшце рэшт іх чакае той жа лёс, што і ўсіх; што слабыя і магутныя, безабаронныя і тыраны – усе падпарадкаваныя аднаму закону і аднолькавым чалавечым абмежаванням. Смерць, нібы Дамоклаў меч, навісае над галавой кожнага (...), перасцерагае адносна найгоршага зла для чалавека – ілюзіі ўсемагутнасці”, - заўважыў Папскі прапаведнік.

На заканчэнне свайго разважання айцец Канталамеса дадаў, што рэлігіі павінны не толькі пашыраць мір, але і “не маўчаць перад абліччам відовішча, якое разгортваецца ва ўсіх на вачах: невялікая колькасць прывілеяваных валодае дабротамі, якія не ў стане зрасходаваць”, у той час як “бязмерныя масы бедных не маюць ні кавалка хлеба, ні глытка вады, каб даць сваім дзецям”.

“Ніводная рэлігія не можа заставацца абыякавай, бо і Бог усіх рэлігій неабыякавы да ўсяго гэтага”, - заключыў прапаведнік Папскага дома.

Набажэнства Мукі Пана, падчас якога адбылася адарацыя Крыжа, завяршылася святой Камуніяй. Пасля літургіі Францішак накіраваўся ў рымскі Калізей, дзе ўзначаліў традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 красавіка 2019, 17:09