Cerca

Vatican News
Санктуарый Скала-Санта Санктуарый Скала-Санта  (Vatican Media)

Надзвычайнае адкрыццё прыступак санктуарыя Скала-Санта ў Рыме

Цягам двух месяцаў пілігрымы змогуць прайсці па арыгінальных мармуровых прыступках рымскага санктуарыя Скала-Санта. Драўляны аклад, які іх абараняе ад пашкоджанняў, адпраўлены на рэстаўрацыю.

Скала-Санта – лесвіца з белага ўсходняга мармуру, якая складаецца з 28 прыступак. Згодна з сярэдневечнай хрысціянскай традыцыяй, яна была прывезена св. Аленай у Рым з іерусалімскага палаца Понція Пілата. Лічыцца, што сам Езус падымаўся па ёй, каб прадстаць перад судом рымскага пракутаратара Юдэі.

Лесвіца размешчана ў будынку ХVI ст., пабудаваным у некалькіх дзесятках метраў ад базылікі св. Яна на Латэране. У 1723 г. яе прыступкі былі накрыты драўляным акладам, каб абараніць ад пашкоджанняў, якія маглі ўзнікнуць у выніку рэгулярнага праходу праз іх шматлікіх вернікаў. Па традыцыі, па лесвіцы падымаюцца на каленях.

Рэстаўрацыя драўлянага акладу праводзіцца ўпершыню за ўсю гісторыю. Яна будзе працягвацца да 9 чэрвеня 2019 г. у майстэрнях Ватыканскіх музеяў, пасля чаго канструкцыя вернецца на сваё звычайнае месца.

У пілігрымаў, якія прыбудуць у санктуарый, будзе таксама магчымасць убачыць яго фрэскі, якія нядаўна былі адрэстаўраваны. Яны з’яўляюцца сапраўдным катэхезісам, выкананым у сціплай і годнай манеры, уласцівай духу Трыдэнцкага Сабора.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 красавіка 2019, 11:22